ЗША бяруць паўзу пасля ўдару Ірану


Злучаныя Штаты накладуць на Іран жорсткія эканамічныя санкцыі. Так прамовіў Доналд Трамп да нацыі, якая чакала яснасці наконт канфлікту з Тэгеранам.

Прэзідэнт ЗША зазначыў, што ў выніку абстрэлу амерыканскай базы іранскімі ракетамі не загінуў ніводзін амерыканец і жыхар Іраку. Калі б Тэгеран хацеў стварыць рэальную пагрозу вайсковай прысутнасці ЗША ў Іраку, то нанёс бы значна мацнейшы ўдар. Такую выснову робяць эксперты.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Амерыка і не толькі… увесь дзень чакала на словы прэзідэнта ЗША адносна будучыні канфлікту з Іранам. У выніку Доналд Трамп прамовіў:

«Іран – вядучы спонсар тэрарызму. Іх імкненне мець ядравую зброю пагражае цывілізаванаму свету. Мы ніколі гэтага не дапусцім. Нашыя вялікія Амерыканскія Узброеныя Сілы падрыхтаваныя да ўсяго. Іран, здаецца, супакоіўся, што добра для ўсіх зацікаўленых бакоў. Гэта вельмі добра для ўсяго свету».

Трамп павіншаваў амерыканцаў з тым, што ніхто з іхных жаўнераў не пацярпеў мінулаю ноччу, калі Іран выпусціў каля 20 ракетаў па ваенных базах у Іраку з кантынгентам ЗША. Уночы 8 студзеня ў дамах і крамах у горадзе Дагук на поўначы Іраку павыбівала шыбіны.

«А другой гадзіне ўночы мы пачулі вельмі гучны гук. Мы выйшлі на вуліцу і ўбачылі разбітыя вокны. Мы і нашыя дзеці жахнуліся. Мы не ведалі, што побач ёсць амерыканская база. Мы не ведаем, чаму яны нанеслі ўдары», – кажа Наджэан Ахмэд, жыхарка Іраку.

Дагук знаходзіцца на поўначы – над атакаванаю базаю «Эрбіль», дзе зарэгістравалі больш за дзясятак ракетных удараў, і па авіябазе Аль-Асад, дзе таксама размяшчаюцца амерыканскія войскі.

Атака была актам помсты за ліквідацыю камандзіра сілаў «Кудс» Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Касема Салеймані на асабісты загад Трампа. З генералам развітваліся сотні тысяч чалавек пад воклічы «Смерць Амерыцы!»

«Мы папярэджваем усіх саюзнікаў ЗША, якія прадаставілі свае базы тэрарыстычнай арміі (арміі ЗША, рэд.), што любая тэрыторыя, якая стане адпраўною кропкай агрэсіўных дзеянняў супраць Ірану, падвергнецца нападам», – заявіў Корпус Вартаўнікоў Ісламскай Рэвалюцыі.

Начныя ўдары былі неспадзяванымі не для ўсіх… Афіцыйны Ірак пацвердзіў, што быў паінфармаваны Іранам аб ударах і загадзя папярэдзіў ЗША аб аперацыі. Магдалена Эльгамары, экспертка ў справах тэрарызму (Варшава), тлумачыць:

«Іран рэалізаваў акцыю, якую можна назваць сімвалічнаю. Мае настаць ціша. Але калі ЗША ўсё ж адкажуць агрэсіяй на гэты акт, будзем мець справу з чарговай канфрантацыяй».

Амерыка яшчэ не вырашыла, якім будзе адказ – прагучала ў падобным на перадвыбарчую прамову звароце Трампа да нацыі. Але да вайны з Іранам ЗША не давядуць, бо не маюць шанцаў на перамогу, лічыць прафесар Тэгеранскага Універсітэту Магамад Марандзі:

«Злучаныя Штаты праваліліся супраць разбітага і значна меншага Іраку. Іран вельмі магутная краіна з процьмаю магутных саюзнікаў ад Чырвонага да Міжземнага мора, Сярэдняя Азія і Персідская затока. Іран папярэдзіў, што калі ЗША працягнуць напады, то Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Саудаўская Аравія будуць разглядацца Іранам як варожыя рэжымы».

Пагрозы расправаю з суседзямі з рэгіёну маглі б гучаць пераканаўча, калі б не ўнутраны крызіс у Іране, лічыць Артур Урублеўскі з вучэльні Лазарскага (Варшава):

«Іранцы памятаюць, што знаходзяцца ў цяжкай эканамічнай сітуацыі. Вялікі адсотак грамадства пратэстуе яшчэ з 2010 году, калі мела месца «зялёная рэвалюцыя». Ведаем таксама пра пашырэнне сепаратысцкіх рухаў, народныя маджахеды… Улады Ірану ведаюць, што маюць ісці на кампраміс».

Краіны Захаду ўсцяж зацікаўленыя ў спыненні Тэгеранам нуклеарнай праграмы. Іран жа цярпіць праз уведзеныя Вашынгтонам жорсткія эканамічныя санкцыі.

Свае інтарэсы ў рэгіёне мае і саюзніца Ірану – Расея. У гэтыя дні Уладзімір Пуцін знаходзіцца на Дальнім Усходзе. Наведаў Башара аль Асада ў сірыйскай сталіцы, а потым Турцыю. Адказнасць за канфлікт у Персідскай затоцы Крэмль ускладае на ЗША. Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў:

«У сувязі з падзеямі мінулых дзён прэзідэнты цвёрда выказаліся за рашэнне ўсіх праблем у рэгіёне Персідскай затокі і рэгіёне ў цэлым выключна мірнымі метадамі згодна з нормамі міжнароднага права».

На нормы міжнароднага права спасылаўся і саюзнік Расеі – Іран, маўляў, атакаванае вайсковых аб’ектаў у Іраку – самаабарона, якая не мае за мэту развязанне вайны.

Юлія Цяльпук belsat.eu