Зручна і экалагічна: у Менску прайшоў першы фестываль электратранспарту


Больш за сто чалавек узялі ўдзел у першым фестывалі электрычнага транспарту «Minsk Electro Day». У праграме фестывалю – майстар-класы, прэзентацыя тэхнікі і спаборніцтвы паміж удзельнікамі на розных відах электрычнага транспарту. Праводзіцца імпрэза першы раз.

«Адна з мэтаў фестывалю – пазнаёміцца і стварыць такую суполку прыхільнікаў электратранспарту. Каб потым збірацца на іншыя фестывалі і актыўна бавіць вольны час», — кажа Вольга Гаўрашка, арганізатарка фестывалю.

Сярод удзельнікаў – вядомая тэлевядоўца і блогерка Ганна Бонд. Яна прызнаецца, што сёння ехала на электрасамакаце другі раз у жыцці.

«Хуткасць ідзе, і ты не марнуеш аніякай энергіі. Гэта крута. Некаторыя мужчыны ехалі, і ў іх соплі віселі ад задавальнення. Я ў акулярах, бо ў вочы вецер дзьме. Вельмі зручна. Няхай гэта разрастаецца», — дзеліцца эмоцыямі яна.

Наведніца фестывалю Ксенія кажа, што прыйшла сюды, каб пазнаёміцца з аднадумцамі. Яна набыла свой электрасамакат у чэрвені ды захапілася новым відам транспарту. Цяпер – амаль заўсёды перасоўваецца на ім.

«Я сяброўка розных чатаў нашых самакатных, і колькі мы ўлетку ні спрабавалі сабрацца, людзей шмат, але збіраліся максімум пяць чалавек. Прыйшла сюды паглядзець, колькі людзей».

Наведнікі фестывалю кажуць, што асноўныя перавагі электрычнага транспарту – яго экалагічнасць, камфорт і зручнасць у карыстанні.

Карыстацца электрасамакатам вельмі проста: адштурхоўваешся, націскаеш рычаг і едзеш.

Арганізатары спадзяюцца, што «Minsk Electro Day» стане традыцыйным для Беларусі. І плануюць наступны правесці ўжо ўвесну – на адкрыцці новага сезону.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»