Зноў пра карупцыю: афіцыйныя лічбы палохаюць


«У Беларусі ўлада намагаецца паставіць барʼер для любых карупцыйных злачынстваў», – такія словы Аляксандр Лукашэнка паўтарае з 1994-га года, калі перамог на першых прэзідэнцкіх выбарах з іміджам галоўнага змагара з карупцыяй.

Мінула амаль чвэрць стагоддзя ад пачатку гэтага разбіральніцтва з карупцыянерамі, і тут статыстыка ад генеральнага пракурора Беларусі. Аляксандр Канюк у інтэрвʼю «Савецкай Беларусі» агучвае ашаламляльныя лічбы. За першыя пяць месяцаў сёлета, колькасць толькі зарэгістраваных карупцыйных злачынстваў павялічылася амаль на траціну, у параўнанні з аналагічным перыядам летась.

Паводле пракурора, большасць карупцыйных злачынстваў – гэта крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, а таксама злоўжыванні ці перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Дарэчы, рост колькасці злачынстваў паводле гэтага артыкулу склаў ажно 64 % у параўнанні з мінулым годам.

«Мне часцяком даводзілася сустракацца з карупцыяй. І нават ва ўніверсітэце ў мяне такое адбываецца», – кажа маладая мянчанка, да якой звярнуўся з пытаннем карэспандэнт «Белсату».

Іншы апытаны дзеліцца сваім досведам:

«Часам хочаш-не хочаш, але сутыкаешся з гэтым. Але прэзент нейкі даваць ці яшчэ штосьці, як вы казалі, я не даваў. Бо разумееш, да чаго гэта можа давесці»

Тое, што «карупцыя» вельмі знаёмае слова беларусам, пацвярджаюць і сацыялагічныя даследаванні. Апошняе з іх, праведзенае ўвесну Інстытутам прыватызацыі і менеджменту сярод прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, паказала, што амаль палова рэспандэнтаў лічыць карупцыю ў Беларусі распаўсюджанай з’явай.

Былы намеснік старшыні Менскага аблвыканкаму Аляксандр Ярашук лічыць, што гэтыя лічбы – яшчэ не поўная карціна карупцыі, бо яна пранізвае краіну ад шараговага чыноўніка да міністраў і нават вышэй.

«Гэты спрут ужо цалкам абвіў усё тулава эканомікі і гэта вельмі не здарова», – мяркуе Аляксандр Ярашук.

На пачатку чэрвеня, антыкарупцыйны орган Рады Еўропы – арганізацыя пад назваю «GRECO», падрыхтавала справаздачу па сітуацыі ва ўсіх краінах Еўропы. Аднак, афіцыйны Менск запатрабаваў ад арганізацыі не публікаваць тую частку дакладу, дзе прыводзяцца звесткі пра Беларусь.

«Усе краіны-чальцы GRECO, за выключэннем адной, Беларусі, аператыўна дазволілі публікацыю справаздач аб карупцыі ў сваіх краінах», – заявіў старшыня арганізацыі «GRECO» Марын Мрчэла.

Паводле некаторых экспертаў, улады Беларусі выкарыстоўваюць карупцыйныя справы і як піяр, і як інструмент кантролю над часткаю наменклатуры – адначасова.

«Крокі відавочныя: дэмакратычныя рэформы ў палітычнай сферы, ліберальныя рэформы ў эканоміцы. Толькі гэта, крок за крокам, дазволіць узяць пад кантроль гэтую агідную і небяспечную зʼяву», – упэўнены Аляксандр Ярашук.

Таму, пакуль у суседніх, заходніх краінах, міністры сыходзяць у адстаўку за незадэклараваны гадзіннік, у Беларусі кіраўнік дзяржавы прымае звыш дарагія падарункі ад сяброў алігархаў і ўжо 23 гады застаецца на пасадзе.

Юрый Салодкі, belsat.eu