Знайсці альтэрнатыўную нафту – задача новага міністра эканомікі


У новы год – з новым міністрам эканомікі ды з новым планам паляпшэння ўмоваў бізнесу. Хто стаў каля стырна эканамічнага ведамства і ці даможацца новы міністр эканамічнага росту?

Аляксандр Чарвякоў дасюль тры гады быў намеснікам міністра эканомікі. Прыйшоў ён на замену Дзмітрыю Крутому, якога Лукашэнка прызначыў першым віцэ-прэм’ерам. А ва ўрад 53-гадовы Чарвякоў трапіў з Навукова-даследчага інстытуту Мінэканомікі.

«Ён быў дырэктарам інстытуту, затым быў звычайным намеснікам, затым першым намеснікам і вёў самыя вострыя кірункі ў нашым міністэрстве», – так свайго наступніка прадставіў на нарадзе ў Лукашэнкі ўжо былы міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

Павысіць якасць працы дзяржаўных прадпрыемстваў, то бок зрабіць іх менш стратнымі, а таксама зрабіць нашую эканоміку ўстойлівай да вонкавых шокаў, то бок да павышэння цаны расейскай нафты – такія задачы паставіў перад новым міністрам эканомікі Аляксандр Лукашэнка.

«Найлепшым рашэннем была б прыватызацыя. […] Што датычыць пошукаў альтэрнатыўных крыніцаў нафты, то пры жывым «Белнафтахіме» ды іншых ведамствах міністр эканомікі можа толькі перадаць ім спісы нафтавых краінаў, але яны самі пра іх дакладна ведаюць», – пракаментаваў даручэнні, дадзеныя міністру, эканаміст Леанід Фрыдкін.

Менавіта Аляксандру Чарвякову давядзецца выконваць і план паляпшэння ўмоваў вядзення бізнесу, які нядаўна зацвердзіў урад. Ужо ў лютым Мінэканомікі мае прапанаваць папраўкі ў законы, што зменшаць ціск уладаў на прадпрымальнікаў.

«На сёмага лютага запланаваная вялікая нарада Лукашэнкі з групай, скажам так, вельмі вядомых інвестараў, якія працуюць у Беларусі або хацелі б прыехаць у Беларусь. Улады, напэўна, пачалі рыхтаванне да гэтай сустрэчы, каб паказаць, што ў нас ёсць такі план», – тлумачыць эканамічны аглядальнік TUT.BY Аляксандр Заяц.

Таксама ўрад мае намер да лютага распрацаваць план прыцягнення інвестыцыяў, а да жніўня – папраўкі ў законы, якія ўзмоцняць правы інвестараў. Сярод іншага, Мінэканомікі прапаноўвае забараніць перагляд прыватызацыйных угодаў.

Плыні інвестыцыяў план не прынясе – мяркуе Леанід Фрыдкін: «Абараняць уласнасць у нас даводзіцца галоўным чынам ад самой дзяржавы. Вось калі дзяржава зменіць сваю ролю з галоўнай пагрозы для ўласнасці на ролю галоўнага абаронцы і будзе абараняць гэтую ўласнасць у безумоўным парадку, з гэтага моманту можна будзе казаць пра паляпшэнне інвестыцыйнага клімату».

Незалежны суд, справядлівыя падаткі ды адсутнасць абмежаванняў на прыватызацыю і банкруцтва дзяржаўных прадпрыемстваў – толькі гэта, на думку эканаміста, можа прыцягнуць інвестараў. Пакуль жа эканамічнага скачка не чакае і ўрад. Паводле ягоных прагнозаў, рост будзе мінімальны – менш за два адсоткі сёлета і 1,4 – у 2021 годзе.

Аляксандр Папко, «Белсат»