Змяняць артыкул 328 не хочуць ані міліцыя, ані дэпутаты


Актывісткі руху «Маці 328» сустрэліся са старшынём пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Валянцінам Міхневічам і яго намеснікам Васілём Чэканам. Размова з прадстаўнікамі ўлады доўжылася больш за паўтары гадзіны.

«На сустрэчы з дэпутатамі ў Камісіі нацыянальнай бяспекі стала вядома, што будзе нейкая сустрэча ў Адміністрацыі прэзідэнта, на якой будзе прэзідэнт і будуць удзельнічаць дэпутаты, на якой яны данясуць сваю пазіцыю, што яны за змяншэнне пакарання па 2-й і 3-й частцы. Але зразумела, што дэпутаты самі не хочуць выносіць ніякія прапановы», – кажа сустаршыня БХД Вольга Кавалькова.

Відэарэпартаж пра сустрэчу руху Маці 328 з Валянцінам Міхневічам глядзіце ў поўным выданні навінаў за 29 красавіка

Другая і трэцяя частка артыкулу – выраб наркатычных ці асабліва небяспечных рэчываў у буйных памерах з мэтаю продажу субстанцыяў. Паводле яго можна атрымаць да 15-ці гадоў зняволення – столькі ж, як часам за забойства.

«Для намеру збыту гэта недаведзенае да канца злачынства, для паўторнасці злачынства існуюць іншыя артыкулы ў Крымінальным кодэксе, якімі можна кіравацца. Непатрэбна ў 328-м артыкуле гэта прапісваць. Гэта дае магчымасць супрацоўнікам пераводзіць шараговае злачынства ў разрад больш цяжкіх і, адпаведна, матэрыяльная зацікаўленасць у іх існуе ў гэтым», – кажа Ліяна Шуба, удзельніца руху «Маці 328».

Рух маці 328 дабіваецца паправак у Крымінальны кодэкс ужо трэці год. Аднак сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў – ад дэпутатаў да Адміністрацыі прэзідэнта – пакуль ні да чаго канкрэтнага не прывялі. Фактычна, пытанне будзе развязваць асабіста кіраўнік краіны, і дэпутаты могуць толькі выказаць яму сваю пазіцыю.

«Атрымліваецца так, што мы за ручку водзім нашых дэпутатаў, кажам, што яны павінныя рабіць, куды ім трэба пайсці, якія пытанні яны мусяць задаць у Савеце Міністраў», – кажа адна з «Маці 328» Таццяна Канеўская.

Галоўны праціўнік зменаў у артыкуле – Міністэрства ўнутраных справаў і асабіста яго кіраўнік Ігар Шуневіч, які неаднаразова выказваўся супраць змякчэння пакаранняў паводле гэтага артыкулу.

«І цяпер, калі мы ўсё-такі даб’ёмся змякчэння пакарання, яны вымушаныя будуць прызнаць немэтазгоднасць настолькі жорсткага абыходжання, а недзе і нядобрасумленнасць супрацоўнікаў. Зразумела, яны не хочуць гэтага рабіць. Я думаю, тут дзейнічае нейкая карпаратыўныя этыка», – працягвае Ліяна Шуба.

Пакуль адныя дбаюць пра этыку ды імідж унутраных органаў, за кратамі застаюцца паводле розных ацэнак ад сямі да 17-ці тысячаў канкрэтных асобаў, асуджаных паводле 328-га артыкулу.

Зміцер Міцкевіч/«Белсат», фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum