Зміцер Паліенка: палітвязняў загадалі трымаць у карцарах, без матрацаў і вады


Нават у турмах з’явіліся асобы, якія стаміліся абслугоўваць палітычныя загады і павярнуліся тварам да палітвязняў. Гэта вынікае са словаў актывіста анархісцкага руху Змітра Паліенкі, якога нечакана вызвалілі са сталічнага СІЗА на Акрэсціна.

Змітру Паліенку далі 15 содняў за выказванне падтрымання палітвязняў на акаўнце ў Facebook. Але ў СІЗА анархіст прабыў 17 содняў. Наста Паліенка чакала мужа пад дзвярыма ізалятару:

«Пазаўчора я яго чакала, але пасля размовы з дзяжурным высветлілася, што яго не адпусцяць. І сёння прыехала, чакала ад 8 раніцы. Інакш аніяк нельга даведацца – выпусцяць ці не выпусцяць. Ніхто гэтага не кажа».

Палітвязень са стажам, Зміцер нават не ведае падрабязнасцяў усіх заведзеных на сябе справаў. Кажа, на яго склалі яшчэ прынамсі два пратаколы, апыталі паводле крымінальнай справы за знявагу супрацоўнікаў міліцыі ў Ганцавічах. Таму магчыма, што давядзецца вярнуцца «на той бок», дзе правілы побыту – змяніліся. Зміцер Паліненка цвердзіць:

«Такую жэсць я ўпершыню бачу: ні матрацаў, ні бялізны. У любой камеры, дзе ёсць палітзняволеныя, адразу пачынаюцца праблемы – няма матрацаў, не водзяць на шпацыры, не возяць у лазню, а самыя мы пастаянна знаходзімся ў карцары».

Памыцца і пахадзіць у звычайнай камеры можна раз на шэсць дзён – гэта вялікі мінус і безумоўна – загад зверху, лічыць маладзён. Вялікі плюс – што з дапамогаю працаўнікоў СІЗА ўдалося перадаць пасланне ад жонкі Паўла Севярынца, які сядзеў у карцары побач з Паліенкам:

«Упершыню за доўгі час я бачу, што да нас ставяцца з павагаю. Шматлікія (супрацоўнікі СІЗА – заўв, «Белсат») рэальна не падтрымліваюць рэжым дыктатара і вельмі добра ставяцца (да палітычных вязняў – заўв, «Белсат»)», – распавёў Зміцер.

Увечары 24-га ліпеня, пасля 10 содняў, на волю выйшлі таксама чацвёра затрыманых за ўдзел у акцыях салідарнасці з палітвязнямі жыхароў Гомлі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»