Змены-2020: падвышаюць заробкі, базавую і ўсю камуналку

У гэтым годзе, што з’яўляецца між іншым выбарным, павысяцца ажно некалькі паказнікаў. Не ўсе прывядуць да лепшага, але большасць накіраваная на тое, каб задобрыць народ перад выбарамі.

2020 год прынясе шмат павышэнняў. Адбудзецца рост як пазітыўны – мінімальнага заробку, заробку бюджэтнікаў, – так і камуналкі. З тым, як адаб’ецца на беларусах падвышэнне базавай, таксама разбяромся.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

З 1 студзеня базавую велічыню павышаюць з 25,5 да 27 рублёў. Пра тое, што зменіцца разам з базавай, распавёў Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «ALPARI»:

«Звычайна рост базавай велічыні прыводзіць да двух рэчаў. Па-першае, гэта рост сацыяльных выплатаў, прывязаных да базавай велічыні. Напрыклад, дапамога на дзіця. З іншага боку, гэта рост разнастайных штрафаў».

Таксама з 1 студзеня вырастае мінімальны заробак. І будзе складаць 375 рублёў.

«Тэарэтычна павышэнне мінімальнага заробку можа прывесці да таго, што вось такіх пазіцыяў на мінімальны заробак можа стаць менш. То бок працадаўцы не захочуць на такі высокі заробак наймаць столькі ж працаўнікоў, як і раней. Гэта можа прывесці да росту беспрацоўя», – пракаментавала рост мінімальнага заробку Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Паводле праекту бюджэту на 2020 год, сёлета сярэдні заробак бюджэтнікаў перавысіць 920 рублёў. У першую чаргу павышэнне датычыць заробкаў медыкаў і педагогаў.

«Па-першае, гэта перадвыбарчы лозунг. Па-другое, гэта па сутнасці адзіны важны пункт праграмы, з якой Лукашэнка ідзе на сваё перавыбранне. Сродкі на вось гэты рост прыбыткаў бюджэтнікаў ужо прадугледжаныя ў бюджэце», – падзяліўся Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «ALPARI».

Сёння ўводзяць і новую сістэму разліку заробку: базавая стаўка. Яна складзе 185 рублёў і заменіць тарыфную стаўку першага разраду.

«Гэта трошкі спрашчае сістэму аплаты працы. Магчыма, заробкі ўпадуць на месяц – два, але ізноў жа, мы ў перадвыбарным годзе, таму я думаю, што ўлады зробяць усё, каб у іх асноўнай падтрымкі, у бюджэтнікаў, заробкі ўсё ж такі не падалі, а раслі», – пракаментавала Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC.

Сёлета планава падымуцца тарыфы на камунальныя паслугі: прыблізна на 5 долараў для тыповай двухпакаёвай кватэры. З 1 студзеня даражэюць усе паслугі, акрамя цеплазабеспячэння, аплату якога падымуць 1 чэрвеня. Сваймі думкамі падзяліліся жыхары Менску:

«Пойдзем жабраваць. Іншага варыянту няма».

«Кошты ж растуць. Заробкі растуць у нас. Краіна ж не бедная. Таму нармальна. Цалкам гэта лагічна».

«Як? На пенсію глядзіш: хопіць ці не».

«Гэта натуральны працэс. Усё падвышаецца – і камуналка падвышаецца. Але тым не менш пенсія падвышаецца на 3 %, а ўсё астатняе – у разы».

Сёлета з 1 траўня паводле поўных тарыфаў за газ і цяпло будуць плаціць тыя, хто трапіў у базу гэтак званых дармаедаў. Яны ўжо аплочваюць паводле поўных тарыфаў гарачае водазабеспячэнне.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu

Глядзі таксама