Зінэдын Зідан упарта не жадае верыць у тое, што «Рэал» ужо не будзе першы ў «Ля Лізе»


Настольны тэніс

Уладзімір Самсонаў высока пракрочыў па традыцыйным турніры «Топ-16» мацнейшых гульцоў Еўропы па настольным тэнісе, які сёння заканчваецца ў швейцарскім Мантрэ. Але паўфіналу не мінуў.

У Самсонава быў няпросты турнірны шлях. Ужо ў стартавым матчы супраць 19-га ў табелі аб рангах шведа Крыст’яна Карлсана прыйшлося адгульвацца з ліку 0:2 і 1:3. А ў 1/2-й беларус трапіў на свайго сябра Тыма Боля з Нямеччыны і тут нашаму суайчынніку партыі даваліся цяжэй, чым канкурэнту. Калі Уладзімір перамагаў 12:10 ды 14:12, супернік меў вынікі і 11:4, і 11:5, напрыканцы даціснуўшы стомленага візаві. Абодва спартоўцы, як паведамляецца на сайце, па тры разы лідаравалі на гэтым турніры, але сёння Уладзімір стаў чацвёрты, а Тыма ў чацвёрты раз стаўся пераможцам спаборніцтваў, адолеўшы ў фінале суайчынніка Дзмітрыя Аўчарова 4:0.

Футбол

Калі, напрыклад, Жузэ Мурынню ці то шчыра і ўсур’ёз, ці то хітра завабліваючы ў пастку ўжо распавёў, што ягонаму «Манчэстэру Юнайтэд» сёлета няма чаго цешыць сябе надзеямі на чэмпіёнства, то Зінэдын Зідан упарта не жадае верыць у тое, што барацьба за тытул лідара Іспаніі ў «Ля Лізе» скончылася. Прынамсі, для мадрыдскага «Рэалу».

Але 33-разовы і дзейны чэмпіён краіны працягвае губляць пункты. Цяпер уткнуліся ў каманду, якая хістаецца на мяжы зоны вылету, «Левантэ», і больш як на нічыю 2:2 у гасцявым двубоі не нагулялі. «Лёс блянкас» хоць і адкрылі лік, але другі мяч не спяшаліся праводзіць. Асабліва крыўдна, што канчатковы лік усталяваў на 89-й хваіоіне рэзервіст і навабранец «жабак» – 33-гадовы італьянскі нападнік Джампаўлё Паццыні. Але ўнічыю згуляў і лідар – «Барсэлона» – у выязным каталонскім дэрбі з «Эспаннёлам», 1:1.