Зіма праігнаравала Беларусь: у апошні тыдзень таксама не прыйдзе


Апошні тыдзень каляндарнай зімы скончыцца, а кліматычнай зімы – гэтак і не дачакаемся – канстатавалі дзяржаўныя сіноптыкі. Гэта фактычна азначае, што ў вясну ўвойдзем з восені з адчуваннем, што нешта прапусцілі. Найбольш заўважныя кліматычныя змены ў Антарктыдзе, дзе ільды сёлета растаюць рэкордна хутка. Антарктыда мае быць вельмі халодным месцам. Але лёд растае хутчэй, чым калі кольвечы…

Абвал ледніка на выспе Анверс знялі брытанскія вучоныя з судна «Джэймс Кларк Росс». Кейт Рэтэлік з Бэнгарскага ўніверсітэту ў Вялікай Брытаніі кажа:

«Частка над паверхняю – 40 метраў. Большая частка – пад вадою. Гэта айсбергі памерам з шматпавярховікі, шэрагі шматпавярховікаў».

У лютым на Антарктычным паўвостраве зарэгістравалі абсалютны рэкорд – 18 ° C пры сярэднегадавой тэмпературы – 57 ° C. Лютаўскія здымкі NASA паказалі наступствы пацяплення на адной з тамтэйшых выспаў – Ігл.

У і без таго сухім Аўстралійскім клімаце пацяпленне прывяло да пажараў смерцяў сотняў тысяч жывёлаў і вялізарных эканамічных стратаў.А ў нашым паўшар’і тэмпературы на 3-5 градусаў вышэйшыя чымся сорак гадоў таму. Хоць па выніках мінулага года пацяпленне ў Беларусі складала толькі 1,3 ° C. Марозных малюнкаў на вокнах сёлетняя зіма не дала. Кліматычнай зімы, прынамсі ў сезон ужо не будзе – паведамілі сіноптыкі. Жыхары Магілёву:

«Вельмі б хацелася, каб была звычайная зіма са снегам, сумётамі і казачнай прыгажосцю«.

«Ужо птушкі спяваюць, прыляцелі. Але калі цяпер пахаладнее – усё, не быць птушкам».

«Снег не выпаў, замаразкаў не было, значыць вада не прыбыла, а толькі мялее, балоты сохнуць і ўсё астатняе».

«Для прыроды гэта кепска. Асабліва для раслінаў, тых жа азімых у сельскай гаспадарцы».

У Белгідраметцэнтры назвалі прычыну нетыповага цяпла:

«У шматкіламетровай тоўшчы атмасферы пераважаюць заходнія вятры, якія стабільна нясуць углыб кантыненту цёплае акіянічнае паветра. Атлантычныя цыклоны ланцугом ссоўваюцца на ўсход, блакуючы доступ арктычнага паветра ў паўднёвыя шыроты».

Беларусь рэарганізуе гаспадарку, але яшчэ не мае кліматычнага заканадаўства. У бюджэце Еўразвязу на наступныя 7 гадоў выдаткі на новыя кліматычныя выклікі павялічацца, дыскусія – наколькі… Палітычная вага «зялёных» ва ўрадах краінаў расце, бадай, на кожным кантыненце.

Палітыкі не мінаюць тэму ў выбарчых праграмах. Бэрнард Сэндэрз, кандыдат на прэзідэнта ЗША:

«Змяненні клімату не толькі рэальныя, яны выкліканыя ў тым ліку дзейнасцю чалавека і нясуць разбуральныя страты ЗША і іншым краінам».

Найпапулярнейшая ў гісторыі актывістка свету – гэта экаактывістка Грэта Тумбэрг, якая збірае сотні тысячаў на мітынгах, цісне на палітыкаў і бізнес, каб змянілі індустрыяльны ўплыў на клімат.

Юлія Цяльпук, «Белсат»