Жыццё пасля раку: сацыяльны праект для анкахворых у Гомлі


Школа сацыяльнага прадпрымальніцтва ўжо некалькі год дзее ў Гомлі. У яе межах на базе паспяховых камерцыйных праектаў ствараюцца сацыяльныя, грамадска-карысныя. Адзін з такіх сацыяльных праектаў для анкахворых прэзентавалі на базе Акадэміі моды Марыны Кабадаран.

Хвароба часам моцна змяняе жыццё, асабліва такая небяспечная, як рак. Знайсці сябе ў новых умовах хвораму вельмі няпроста.

46-гадовая гамяльчанка Вольга Цакунова, маці дваіх дзяцей, на рак прамой кішкі захварэла год таму. Хворыя тканіны выдалілі, і пасля рэабілітацыі жанчына вымушаная ўвесь час хадзіць з калапрыёмнікам, што вельмі нязручна.

«Вядома, гэта складана, гэта страшна, гэта непрадказальна, цяжка ў соцыуме нават быць, бо адчуваеш комплекс непаўнавартасці, улічваючы, што калапрыёмнікі толькі замежныя даюць нейкую стабільнасць чысціні», – распавядае Вольга Цакунова.

Вольга мае пажыццёвую непрацоўную групу інваліднасці, атрымлівае пенсію. Па парадзе сваёй сяброўкі, якая таксама перанесла рак, жанчына прыйшла на адмысловы курс «Фэшн-тэрапія».

«Хачу ўпэўненасць у сабе набыць, сяброў, хто, як і я, шукае падтрымання ў соцыуме, бо мы ўсе ў соцыуме жывем, і хацелася б, каб успрымалі нас як неспісаных», – дзеліцца Вольга Цакунова.

Сацыяльны праект для анкапацыентаў «Фэшн-тэрапія. Жыццё наноў» прэзентавала гаспадыня камерцыйнага праекту «Акадэмія моды» Марына Кабадаран. Раз на тыдзень у межах трохмесячнага курсу жанчыны вывучаюць фотапазаванне, акторскае майстэрства, візаж, дэфіле, атрымліваюць псіхалагічную дапамогу.

«Я хачу даць эмоцыі, станоўчыя эмоцыі, каб лягчэй прайсці этап рэабілітацыі. З дапамогай дысцыплін нашай акадэміі яны будуць лягчэй успрымаць жыццё», – тлумачыць Марына Кабадаран.

Акадэмія існуе толькі другі год, але ўжо выпусціла некалькі набораў удзельніц. Гамяльчанка Галіна, адна з навучэнак камерцыйнага курсу, добра ведае праблемы анкахворых, бо ад анкалагічнага захворвання памерла ейная маці:

«Важна жанчыне, як яна сябе адчувае, як выглядае. І ўсё добрае, што ў ёй ёсць, хоць бы крышачку гэтай радасці ўнутранай праз прыгажосць данесці, не згубіць».

Арганізатары сацыяльнага праекту сутыкнуліся з нежаданнем пацыентак, якія перанеслі анкалагічнае захворванне, ісці на кантакт.

«Вельмі цяжка іх выцягнуць з іхнай шкарлупіны, цяжка давесці, што ім гэта трэба, бо яны ў дэпрэсіўным стане: не трэба, усё, не чапайце», – распавядае кіраўніца Акадэміі моды.

Цяпер у групе ёсць яшчэ тры вольныя месцы. Марына Кабадаран запрашае ахвотных звязацца з ёй праз сацыяльныя сеткі.

Ірына Дарафейчук belsat.eu