Аб'ектыў 20.06.2018 Жыццё афганца ў Беларусі: перашкаджаюць працаваць і абяцалі «грохнуць»


20 чэрвеня па ўсёй планеце адзначаецца сусветны дзень уцекача. У гэтай тэме Беларусь не знаходзіцца на перыферыі праблемы. Нашая краіна даўно сталася транзітнай для тысячаў вымушаных перасяленцаў, якія шукаюць бяспечнага кута. Для некаторых жа менавіта Беларусь сталася новым домам.

Наджыб Садыкі – былы сябра Народна-дэмакратычнай партыі Афганістану. На пачатку 2000-ых мужчына быў вымушаны бегчы ад ураду талібаў і апынуўся ў Беларусі.

«Беларусь была нейтральнаю краінаю, я як палітычны ўцякач, мне далі статус, я асеў тут, стварыў сям’ю», – распавядае Наджыб Сідзікі.

Менавіта прадстаўнікам Афганістану ў Беларусі найбольш часта надавалі статус уцекачоў, гэта некалькі сотняў асобаў, але ёсць сярод тых, хто знайшоў прытулак у нашай краіне, і грузіны, таджыкі, іракцы, палестынцы. У сувязі з вайсковымі дзеяннямі на ўсходзе Украіны, прыехала і шмат перасяленцаў з Данбасу. Але іх афіцыйна ўцекачамі ў Беларусі прызнаюць вельмі рэдка, а даюць гэтак званую дадатковую абарону, якую кожны год трэба працягваць, што мае свае адмоўныя бакі.

«Вельмі цяжка атрымаць від на жыхарства, а без яго не магу атрымаць ні пенсіі, ні медычнае дапамогі», – кажа ўцякачка з Данбасу.

Цяпер у нашай краіне жывуць 6 тысяч асобаў без грамадзянства, і іх колькасць увесь час расце. Летась па атрыманне статусу ўцекача ў Беларусі звярнуліся яшчэ 748 замежнікаў, і толькі пяцёра яго атрымалі. Больш за паўтысячы прызналі дадатковую абарону. На жаль, тая ж самая тэндэнцыя назіраецца па ўсім свеце.

«Па ўсім свеце за апошні год лічба зноў вырасла на некалькі мільёнаў. Цяпер гэта 68,5 мільён асобаў вымушаных перасяленцаў або ўцекачоў. Не трэба казаць, што прычына гэтаму – зацяжныя ўзброеныя канфлікты», – кажа кіраўнік агенцтва справаў уцекачоў ААН Філіпа Грандзі.

Прыкры факт, але больш за палову ад гэтай колькасці складаюць няпоўнагадовыя. А колькасць дзяцей-уцекачоў сёння найбольшая з часу, калі скончылася Другая сусветная вайна. Не ўсе з гэтых людзей, схаваўшыся ад вайны і пераследу, знаходзяць падтрыманне ды разуменне ў новым грамадстве, нават у такім прызнана талерантным, як беларускае.

«Абразы, прыгнятанні – гэта ўвесь час ад прадстаўнікоў органаў. Начальнікі УУС, АУС, гарвыканкамаў, нават у паліклініках», – распавядае Наджыб Сідзікі.

Дзеці Наджыба жывуць у суседнім горадзе, разам з маці, але мараць пра іншае жыццё.

«Я б хацела, каб тата пабудаваў хату, і мы жылі тут усе разам», – кажа дачка Наджаба.

Але пакуль гэта невыканальная мара. Нягледзячы на тое, што Наджыб дамовіўся ва Упраўленні архітэктуры і БТІ, з цяжкасцямі набыў усё патрэбнае для заліўкі фундаменту, знайшлася іншая праблема.

«Прыехаў кіраўнік сельсавету, пытаецца, што вы тут робіце? Я вам не дазволю. Павыганяў маіх сяброў, якія дапамагалі. І мясцовых алкашоў наслалі, сказалі, калі не спыніце працу, мы вас грохнем. А мне навошта гэтыя канфлікты?», – распавядае Наджыб.

Мясцовыя пра Наджыба гавораць толькі добрае.

Жыхары Пестуніцы:

«Чалавек як і я, як і ён – такі ж самы. Культурны, ні разу не сварыўся, мы ніколі не спрачаліся».

«Нармальны ён чалавек, ні з кім не сварыцца і нічога дрэннага нікому не робіць, нягледзячы на тое, што іншаземец».

І ўсё ж галоўнае, чаго шукае кожны вымушаны перасяленец, – гэта пачуццё бяспекі. Ці знойдзецца яно на новым месцы, у большай ступені залежыць ад грамадства, якое прымае ўцекача.

Ігар Кулей belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары