Аб'ектыў 30.04.2018 Жыроўкі вышэйшыя за заробак. Вяскоўцы храснуць у пазыках


Адчай і паніка. З гэткім настроем штомесяц чакаюць свае новыя «жыроўкі» жыхары інтэрнату «Жыллёвіка Меншчыны» у вёсцы Сёмкава. Рахункі толькі за электрычнасць на адзін двухпакаёвы блок сягаюць там трохсот рублёў. Сем‘і правальваюцца ў пазыковыя ямы, налічваюцца астранамічныя пені. Як так атрымалася, і што робяць улады?

52 сям‘і ў інтэрнаце ў вёсцы Сёмкава жывуць у аднапакаёвых або двухпакаёвых блоках. Але за электрычнасць ужо другі год плацяць у разы больш, чымся калі б кожны з іх жыў у шматпавярховым катэджы.

«Вось у мяне 8 чалавек, сям‘я шматдзетная. І я за кожнага плачу па 350 кілаватаў. Мы жывем пад адной лямпачкай, і я павінна плаціць за падсобнае памяшканне 2000 кілаватаў за святло», – распавядае жыхарка інтэрнату Марына Патрусева.

Марына Патрусева працуе прыбіральшчыцай – за 300 рублёў на месяц. Ейны штомесячны рахунак за электрычнасць – 200 рублёў. На сённяшні дзень «Белэнерга» ужо налічыла ёй дзве тысячы рублёў запазычанасці, з якіх 600 рублёў – гэта пеня.

Наталля Клюйкова працуе кухарам у дзіцячым садку, адна гадуе двух дзяцей. Дзяніс ходзіць у першы клас. Малая Віка рыхтуецца да свайго трэцяга дня народзінаў. Наталля з жахам чакае гэтай радаснай, здавалася б, даты, бо тады скончыцца ейная дзяржаўная дапамога для дагляду за дзіцём. Пакуль маці аплочвае камунальныя выключна з гэтых грошай. Як толькі тая субсідыя скончыцца, перспектыва гэтай сям‘і – водаварот запазычанасцяў ды пеняў.

«У мяне на паўстаўкі – 130 рублёў. А камуналка – вось 175. І садок 77 рублёў. Дык за што жыць і плаціць? І дзяцей карміць?», – скардзіцца Наталля Клюйкова.

Рэзкім кантрастам з разрухаю, якая пануе звонку будынку ды ў пад’ездах, як і ў астатніх жыхароў, выглядае адрамантаваны і дагледжаны пакой Карыны – маці двух малых дзяцей.

«У нас было прапісана 5 чалавек, мы плацілі па 40 з нечым рублёў на месяц. А потым у нас рэзка атрымаўся мільён, два. Зараз у нас прапісана 4 чалавекі, я сяджу ў дэкрэтным, муж працуе адзін. І, атрымліваецца, мы плацім за дзіцячую дапамогу», – кажа Карына Наскавец.

Камунальныя плацяжы гэтых людзей падскочылі ў канцы 2016 года. Паводле адказу, які яны атрымалі з Менрайвыканкаму, да тае пары на інтэрнат налічваліся кілаваты паводле ўсталяванай нормы, а не па фактычным спажыванні. Начальнік мясцовага ЖЭУ сцвярджае, што людзі і насамрэч паляць электрычнасць звыш нормы, бо ў іх стаяць бойлеры і абагравальнікі.

Рэч у тым, што яшчэ больш за 10 гадоў таму інтэрнат адключылі ад гарачай вады. Пазней, калі па суседству пабудавалі пяціпавярховы дом, рэзка знізілася тэмпература ў батарэях, сцвярджаюць жыхары. Яны ўжо другі год просяць паставіць індывідуальныя лічыльнікі на блокі – каб мець магчымасць эканоміць. Начальнік ЖЭУ ў прысутнасці здымкавай групы «Белсату» заявіў, што ў ягонай службы на гэта няма сродкаў. Але да серады паабяцаў прэзентаваць каштарыс на тое, каб жыхары самі ўсталявалі сабе індывідуальныя лічыльнікі.

У сераду здымкавая група «Белсату» зноў накіруецца ў Сёмкава прасачыць, як выконваюцца дамоўленасці жыхароў з ЖЭУ. Але нават калі пытанне лічыльнікамі развяжуць, канцэптуальная праблема застанецца. У людзей спярша адабралі гарачую ваду, потым нармальнае цяпло, а цяпер пазбавілі фінансавай магчымасці забяспечваць сабе гэта самым – зрабіўшы непамерна дарагімі ў карыстанні іхныя электрапрыборы. Калі ўлады вернуць ім даступнае цяпло ў пакоях ды кранах – пытанне да Менрайвыканкаму ды «Белэнерга».

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары