Аб'ектыў 08.10.2019 Жыльцоў шматпавярховіку заліло кіпенем з батарэяў – на ратунак прыехалі камунальныя начальнікі


У Магілёве камунальнікі не ведалі, хто што робіць, і залілі людзей кіпенем з батарэяў. Пасля розгаласу ў інтэрнэце ратаваць жыхароў прыехала ўсё камунальнае начальства.

У 82-м доме на бульвары Непакораных у Магілёве прайшоў «дождж». Інакш Мікалай Швархалёў – гаспадар кватэры, што найбольш пацярпела, – гэтае здарэнне назваць не можа:

«Тут быць немагчыма было, тут ліло, як з праліўнога дажджу, я выбягаў на вуліцу, у пад’езд, і ўвесь час званіў у службы. У 115, у якую нерэальна дазваніцца!»

Паводле гаспадара, патоп цалкам знішчыў ягоную кватэру: тэхніка, мэбля – усё намокла. Вада ў кватэру спадара Мікалая лілася з паверху вышэй, але гаспадароў удома не было. Суседка праблемнай кватэры на пятым паверсе Галіна Бараненка распавядае:

«Магчыма, батарэя прарвала, бо ў іх была сварка. Аказваецца, яны наагул заглушкі не паставілі, ні на адну батарэю. І на кухні, і ў спальні, і ў зале – усё без заглушкі. А ваду далі, напэўна і…»

Да гаспадароў кватэры, у якой былі незавараныя батарэі, дазваніцца не здолелі. Ламаць дзверы ў гэтую кватэру таксама не сталі. І ўся вада палілася далей: з 5-га да 2-га паверху. Сёння здарэнне абмяркоўвае ўвесь падʼезд: хто пацярпеў, а каму – пашанцавала:

«Усё адзенне, абутак, бялізну – усё заліло. Усё. А батарэі не грэюць, сушыць няма дзе. Што рабіць зараз?»

«Там лівень быў, там не тое, што сказаць. Я такога яшчэ не бачыла, каб так з кватэры цякло».

Суседзі з другога паверху, пенсіянеры, пакуль жывуць на лецішчы. Яны пабачылі наступствы патопу толькі сёння. Гаспадарка кватэры Аля Юрчанка кажа:

«Мы, канечне, нядаўна зрабілі рамонт і вельмі засмучаныя, вельмі засмучаныя, што такое здарылася. Бачыце самі: столь – вось дзве булкі вісяць пад столлю. Дываны мокрыя».

Ваду ў батарэі далі, бо людзі самыя прасілі ўключыць ацяпленне. Пасля розгаласу ў сеціве развязваць праблему з’ехалася кіраўніцтва ўсіх камунальных прадпрыемстваў Магілёва.

Дырэктар КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёну Аляксей Цімашэнка таксама быў у залітых кватэрах:

«І ў гэтым аўральным рэжыме атрымліваецца, бо быў шэраг пытанняў з запаветрываннем сістэмы ацяплення, быў шэраг пытанняў проста з закрытымі стаякамі, быў шэраг пытанняў з заменай ацяплення. Таму была няўзгодненасць людзей, і спецыялісты аднаго прадпрыемства, не нашага, проста адкрылі ацяпленне ў тым стаяку, які яшчэ не быў да канца звараны і змантаваны».

Гаспадар кватэры на трэцім паверсе так і не з’явіўся ды яшчэ не ведае, што яго заліло. А ў тых, хто быў удома, камунальныя службы ўжо склалі акты па факце заліцця, апісалі маёмасць і абяцалі дапамагчы.

«У нас уся нашая адказнасць па раёне застрахаваная ў прадпрыемстве «Белдзяржстрах», таму, натуральна, уся шкода будзе кампенсаваная ўласніку кватэры «Белдзяржстрахам». Кватэра падсохне, натуральна, мы правядзём бягучы рамонт, і грамадзяне змогуць засяліцца праз пэўны час», – абяцае дырэктар КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёну Аляксей Цімашэнка.

Сям’ю Швархалёвых часова пасялілі ў гатэлі, а ў іхную кватэру абяцалі прывезлі цеплавую пушку, каб хутчэй яе падсушыць.

Вольга Васільева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары