Жыхары сталічнай вуліцы Талбухіна не спыняць пратэстаў


Бізнес-цэнтр гэта добра, калі яго не будуюць пасярод жылога двара. Так лічаць жыхары сталічнай вуліцы Талбухіна, якія зладзілі акцыю пратэсту супраць ушчыльнення, якое яны лічаць незаконным. Забудоўнік адказвае, што парушэнняў няма, а гарадскія ўлады папросту ігнаруюць праблему.

Не зважаючы на забарону працягваць працу, забудоўнікі яе толькі актывізавалі – пачалі выразаць дрэвы. Абураныя жыхары выйшлі на абарону свайго двара.

Жыхары вуліцы Талбухіна сцвярджаюць, што днямі будаўнікі пашырылі будаўнічую пляцоўку, перанёсшы агароджу на некалькі метраў у бок жылых дамоў. Гэтак захапілі некалькі дрэваў ды імкліва спілавалі.

«Мы сёння тут сабраліся, бо стаміліся ад бязмежжа, якое творыцца ў нашым квартале. Гэта скандальная будоўля, з якой мы змагаемся амаль два гады. І сёння мы адстойвалі апошнія тры ліпы, здаровыя і прыгожыя, якія спілавалі вельмі жахліва», – тлумачыць становішча мясцовая жыхарка Алена Пенкрат.

Пратэстоўцы кажуць, што працы вядуцца не толькі з парушэннямі, але і самавольна: яшчэ ў студзені Камітэт архітэктуры Менгарвыканкаму і «Дзяржбудэкспертыза» адклікалі дазвол на будаўніцтва, але яно працягваецца.

«Твораць што хочуць. І тое, што ў іх ёсць забароны на будаўніцтва ад розных органаў улады, яны на гэта не звяртаюць увагі – яны будуюць і ўсё. У нас ужо заканчваецца трыванне», – кажа яшчэ адна мясцовая актывістка Іна Вялічка.

У сваю чаргу прадстаўнік забудоўніка сцвярджае, што дазвол ім вярнулі, і ўсе работы – законныя.

«Нам вярнулі дазвол, і мы ўжо два тыдні працуем. Дрэвы высякаюцца адпаведна плану. А агароджу ставілі ў межах меншых, чым гэта было дазволена, а цяпер па меры неабходнасці яны пашыраюцца адпаведна праекту. Паводле правілаў, межы ў нас іншыя – крыху шырэйшыя», – тлумачыць галоўны інжынер будоўлі Юрый Дабравольскі.

Цягам двух гадоў змагання мясцовыя жыхары праводзілі пікеты і звярталіся ў суд, але дапамогі не атрымалі.

«Тры «канторы» улады гуляюць у піянербол: Менгарвыканкам кінуў мячык адміністрацыі Першамайскага раёну, тыя – у дэпартамент кантролю за будаўніцтвам – усе кажуць, што не пры справе», – кажа мясцовая жыхарка і актывістка Галіна Сінялевіч.

Прыватная кампанія «Вецер», якая будуе шматпавярховік бізнес-цэнтру і падземную паркоўку ў двары жылых дамоў, уваходзіць у склад буйной дэвэлапэрскай кампаніі «Сігмаполюс» бізнесоўца Віталя Сініцкага. Гэтая акалічнасць, магчыма, і тлумачыць канфлікт, мяркуюць апазіцыйныя палітыкі, па дапамогу да якіх звярнуліся актывісты.

«Канечне, гэта выклік, што ўсё робіцца дэманстратыўна, на вачах у людзей. Маўляў, ніхто нам не ўказ – ні мясцовая ўлада, ні пракуратура – мы будзем рабіць што захочам. Бо, напэўна, за гэтым будаўніцтвам стаяць вялікія фінансавыя схемы, магчыма незаконныя, бо інакш гэта патлумачыць проста немагчыма», – мяркуе старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Мясцовыя жыхары заяўляюць, што каб бараніць сваё права на годнае жыццё, яны рыхтуюцца да новых пратэстаў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu