Жыхары Смалявічаў адстаялі краму, якую хацелі закрыць


Жыхары мікрараёну Крыніца ў Смалявічах выйшлі з пратэстам. Адзіная крама райспажыўтаварыства, якая была ў мікрараёне, мусіла закрыцца. Але людзі не далі вывозіць тавараў з крамы, паклікалі «Белсат» і дабіліся таго, што гандлёвы пункт ім пакінуць. У Смалявічы выехала Вольга Чайчыц.

Памяшканне пад краму райспажыўтаварыства арандуе ў ЖКГ, паўстаюць цяжкасці з выплатаю. У сераду стала вядома, што на наступны дзень крама мае закрыцца.

«Сказала ўчора кіраўніцтва, што мусім закрыць краму, бо не рэнтабельна. Райспажыўтаварыства настолькі беднае, што не можа заплаціць за арэнду», – распавядае прадавачка Святлана Нізалідзіна.

Мясцовыя жыхары адразу ж негатыўна ўспрынялі навіну, бо, як абыходзіцца без крамы, не ўяўляюць. Раней Крыніца была вёскаю, якую ўказам кіраўніка краіны ўключылі ў межы гораду. Ад Смалявічаў мікрараён аддзелены ажыўленаю небяспечнаю трасай Менск-Барысаў ды некалькімі кіламетрамі пусткі.

«Вы разумееце, мы адарваныя ў плане транспарту. Гарадскі транспарт да нас не ходзіць. Першая крама адсюль за 5 кіламетраў. Вось уявіце, пенсіянеры, бачыце, стаяць з дручкамі, сядзяць з дручкамі. 70–80 гадоў», – кажа жыхарка Крыніцы Галіна Сяргушкіна.

Іншая жыхарка, Яўгенія Цюненкова, адзначае:

«Мне трэба малачко, мне трэба смятанка, мне трэба цукарок і соль. Я прыйшла за гэтым. Дзеці ў мяне ёсць, але яны не кожны дзень са мною, разумееце. Я чалавек пажылы, я дыетнік. Мне сказалі, што крама закрываецца, у мяне адразу ціск падскочыў. Можа, цяпер у мяне і 200».

Крама – гэта адзіная грамадская прастора ў Крыніцы, дзе жыхары могуць збірацца. Нават пенсію атрымліваюць тут. Раней у гэтым будынку была бібліятэка, з гурткамі для дзяцей, трэнажорны, банкетны і актавы зал. Але памяшканне перайшло ва ўласнасць ЖКГ – і ўсё, апроч крамы, закрылі. Жыхары пастанавілі, што мірыцца яшчэ і з закрыццём крамы не будуць.

«Нічога няма, апроч гэтага гандлёвага цэнтру. У нас няма спалучэння з горадам Смалявічы. У нас тут няма ніякага пункту аховы здароўя. Нават нейкі аптэчны быў бы кіёск. Цэлая праблема. Паднялі пытанне, каб да нас аўтобус запусцілі – аўтобуса нам не далі», кажа жыхарка крыніца Наталля Шатрова.

Абураныя жыхары правялі масавы сход, на які запрасілі дэпутата ды кіраўніцтва райспажыўтаварыства. Не пусцілі грузавік забіраць тавары з крамы. Аказалася, што закрываць аб’ект знянацку райспажыўтаварыства не мела права, пра такое рашэнне неабходна было загадзя паведаміць мясцовым уладам ды людзям. На сходзе кіраўнік райспажыўтаварыства стаў казаць, што аб’ект планавалі закрыць не назаўжды, а толькі дзеля рамонту. Але людзі гэтаму не паверылі, бо вызначанасці з рамонтам няма, хоць ён і неабходны.

«У нас таксама цяпер складаныя часы. Таму казаць пра тое, што мы заўтра-паслязаўтра збяромся рабіць рамонт або ЖКГ – наш арэндадаўца – заўтра-паслязаўтра пачне працы, я таксама не магу. То бок мы зараз будзем з імі сустракацца, размаўляць, і на які час закрываць краму, я нават не магу сказаць», – патлумачыў выканальнік абавязкаў старшыні райспажыўтаварыства Аляксандр Майстрэнка.

Пасля нечаканай рэакцыі жыхароў кіраўнік райспажыўтаварыства паабяцаў, што ў найбліжэйшы час не толькі не закрые крамы, але пастараецца, каб людзі засталіся задаволеныя.

«Мы сустракаліся з жыхарамі, супакоілі іх. Тавар на іхнае жаданне будзем дадаваць. Ёсць вызначаны асартыментны пералік, якому мы адпавядаем. Людзям хочацца яшчэ нешта. Вось папрасілі пашырыць асартымент сродкаў для мыцця, парашкоў пральных. Мы ўсё давязем. Сёння нават да вечара ўсё будзе», – адзначыў Аляксандр Майстрэнка.

Жыхары і раней прасілі павялічыць асартымент, але гэта было праблемаю, цяпер усё развязалася за адзін дзень.

Вольга Чайчыц, belsat.eu