Жыхары Плешчаніцаў б’юць трывогу – іх дом 60 гадоў без рамонту


Штомесяц адлічваем на капітальны рамонт. Але ці яго сапраўды робяць? Пра гэта задумваюцца жыхары Плешчаніцаў, што на Меншчыне.

Жылы дом у цэнтры мястэчка мае 12 кватэраў і ў кожнай свая гісторыя разбурэння – недзе столь абвалілася, у кагосьці стабільна халадно як у моргу. Толькі паводле мясцовых камунальнікаў, усё суха і паводле плану. А таму капрамонт… праз 3 гады. Можа.

У Плешчаніцах славутасць нумар 1 – Петрапаўлаўская царква, зробленая паводле плану невядомага архітэктара і прызнаная творам народнага дойлідства. Але мы з вамі кіруемся вось да гэтага будынку на вуліцы Кастрычніцкая. «Шэдэўр» тыпавога праекту канца 1950-х гадоў ні разу не бачыў капітальнага рамонту.

«Я жыву тут ужо 35 гадоў, але ўмоваў няма ніякіх. Калі вас завесці ў сваю кватэру, і там у туалеце стаяк. Калі-небудзь як зацячэ гэты стаяк, то ён як вадаспад», – кажа жыхарка Плешчаніцаў Таісія.

Мясцовае ЖРЭА робіць толькі надзённы вонкавы рамонт. Замазалі шчыліны і замянілі шыфер. Пакінуўшы пры гэтым у даху дзіркі і не зрабіўшы водаадцёка. Як кватэры тады выглядаюць унутры?

Заходзім да яшчэ адной жыхаркі дому – спадарыні Галіны Файлер. І праз момант бачым дзірку ў столі.

Жанчыну з далёкіх Жыткавічаў у Плешчаніцы занесла бяда. Ейная дачка цяжка хворая з дзяцінства, і цяпер маці мусіць жыць побач з Бараўлянамі. Яна набыла гэтую кватэру 2 гады таму за $ 15 тыс.

«У 2016-м годзе ўсё было нармальна, пакуль не пайшлі дажджы. Усе помняць, якія былі дажджы, колькі шкоды? Вось і ў нас – увесь фасад дому пайшоў і пайшоў», – распавядае Галіна Файлер.

У выніку больш за паўгода пасля здарэння ў кухні работнікі ЖРЭА не чэшуцца, бо капітальны рамонт будынку запланаваны толькі праз 3 гады. Дзяржаўная страхавая кампанія адмовіла жанчыне ў кампенсацыі праз… «састарэласць будынку».

Кіруемся да мясцовай камунгаспадаркі. «Кіраўніка няма і не вядома, ці будзе», – адказваюць нам.

«Дом развальваецца, ну што? Як развальваецца?» – не верыць намеснік кіраўніка ЖРЭА Аляксандр Радзевіч.

І пацвярджае, што капрамонт будзе толькі праз 3 гады, бо «на ўчастку няма грошай».

І вось да іх усіх сваё пытанне мае іншы жыхар дому на Кастрычніцкай – мастак народнай творчасці Аляксандр Зыль. 9 месяцаў на год сярэдняя тэмпература ў ягонай кватэры – 15 градусаў.

«Мы плацім грошы, а дзе вынік?» – пытаецца Аляксандр Зыль.

У Плешчаніцах гэта ў сярэднім 30 рублёў за жыроўку.

Пры гэтым карэнных жыхароў дому ўлады яшчэ і змушаюць да прыватызацыі кватэраў у гэтым будынку. Адпаведна архітэктары і БТІ зацвердзілі здавальняльны тэхнічны стан. А таму фармальна – тут жыць можна. Фактычна – толькі ўлетку.

Алесь Залеўскі, belsat.eu