Жыхары Магілёва супраць яшчэ аднаго заводу


«Вы супраць будаўніцтва гэтага заводу?» – запытвае ў нешматлікай публікі актывіст Андрэй Бодзілеў. «Супраць! Супраць!» – адказваюць грамадзяне і сыходзяць з залы. Грамадскае абмеркаванне будоўлі новага прадпрыемства каля Магілёва прайшло без грамадскасці. Людзі стаміліся ад таго, што іхнае меркаванне шмат гадоў не ўлічвалася, і сышлі.

Вось што сказалі нам грамадзяне:

«У нас і дзеці, і ўнукі, канечне, трошкі супраць гэтага заводу, бо зашмат ужо ў нас: і лаўсан, і ўсё».

«Яны прыйшлі, сапсавалі нам наш газон, наш ураджай, і ніхто ў гэтым не павінен, таму мы супраць. І не можам разабрацца з тымі прадпрыемствамі, якія ёсць у нас, што казаць пра новыя».

У свабоднай эканамічнай зоне на поўдні Магілёва ўжо з два дзясяткі заводаў, супраць іх выступаюць жыхары навакольных вёсак і Магілёва. Грамадская актывістка Таццяна Сівачэнка кажа:

«Мы ведаем, што ў СЭЗ ужо дастаткова пабудавана шкодных заводаў, якія вельмі шмат выкідваюць бруду рознага ў атмасферу, то ні ў якім разе не павінны будаваць новы завод».

Новы завод – у існасці стары. «СБІ Каўчук» ужо 10 гадоў працуе на арэнднай плошчы «Магілёўхімвалакна». А цяпер збіраецца павялічваць магутнасці і пераязджаць бліжэй да вёсак. Супраць гэтага актывісты сабралі подпісы ў выканкамы і да дэпутата. Тым часам на грамадскае абмеркаванне, акрамя жыхароў, не прыйшлі і некаторыя чыноўнікі. На пытанне грамадскага актывіста Леаніда Платоненка, дзе санстанцыя, прысутныя проста выбачыліся…

Турэцкае прадпрыемства «СБІ Каўчук» вырабляе гумава-тэхнічныя вырабы – ушчыльняльнікі. Паводле адміністрацыі, цалкам экалагічна бяспечныя, бо каля сценаў іхнага заводу ў Турцыі растуць апельсіны і памідоры. Гэта адзначалася ў прэзентацыі прадпрыемства.

Прадстаўнік фірмы «Экалогія» паведаміў, што «СБІ Каўчук» будзе выкідаць у паветра 33 брудныя рэчывы чатырох класаў небяспекі. Сумарны валавы выкід складзе 21 тону за год. Дырэктар «СБІ Каўчук» Умур Эмлік кажа:

«Я бачу, што людзі вельмі негатыўна настроеныя, і, па-мойму яны маюць рацыю, але мы хочам стварыць экалагічна чыстае прадпрыемства, каб нікому гэта шкоды не прыносіла».

Каб развеяць недавер з боку грамадства, дырэкцыя запрасіла ўсіх ахвочых на экскурсію на завод.

«Яны паказалі паказнікі меншыя, чым у папярэдняй справаздачы. І яны гэта тлумачаць тым, што «грамада, тэхналогіі ідуць наперад, і таму паказнікі падаюць». То бок як спраўдзіць?», – кажа грамадскі актывіст Леанід Платоненка.

На паперы лічбы сходзяцца, а на практыцы ніяк не праверыць: сістэмы маніторынгу атмасфернага паветра насуперак абяцанням усё яшчэ не пабудавалі.

Вольга Васільева, «Белсат»