Жыхары Гомля аплочваюць карыстанне дамафонам паводле несапраўдных дамоваў


Роўна два гады таму Лукашэнка загадаў разабрацца з жыроўкамі «ад балды». Аднак празрыстасць у налічэннях за некаторыя віды камунальных паслугаў жыхарам аднаго з дамоў у Гомлі толькі сніцца. Ужо працяглы час людзі аплочваюць карыстанне дамафонам паводле несапраўдных дамоваў.

Яшчэ летась жыхарка Гомля Святлана Кісялёва пры аплаце камунальных паслугаў заўважыла, што ў жыроўцы ў яе пазначаная аплата за дамафон, якога яна не мае ў сваёй кватэры. Тады кабета вырашыла запытаць у суседзяў, як яны аплачваюць гэтую паслугу. Высветлілася, што аплата за абслугоўванне дамафона размяркоўваецца паміж усімі жыхарамі, нягледзячы на тое, ці ўсталяваная прылада ці не.

«Знайшла плацеж за дамафон, выстаўлена была сума да дэнамінацыі 21 600. У мяне няма нават трубкі, я зразумела, што аплочваю ААТ «Строймір» неабгрунтаваныя грошы», – распавядае жыхарка Гомля Святлана Кісялёва.

Больш за тое, жыхары дому 29 на вуліцы 60-ці год СССР убачылі і іншыя неадпаведнасці, у тым ліку з падробкаю подпісаў пад дамовамі і ўвогуле адсутнасць дамоваў на аказанне камунальных паслугаў.

«У мяне ёсць дамовы ўсе, па якім я аплочваю ЖКГ. Дамовы на абслугоўванне дамафону ў мяне няма, я яе не падпісвала. Калі ў мяне будзе дамова на руках і калі я буду ведаць, што гэта ў законным парадку, тады я буду плаціць», – заяўляе жыхарка Гомля Алена Шахматава.

Паводле гомельцаў, звароты да праваахоўнікаў вынікаў не далі, хоць у міліцыі і прызналі: дзеянні камунальнікаў падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу «падробка дакументаў».

«Нам прыйшоў адказ, так, «усматриваются признаки состава преступления» паводле артыкулу 380, але тэрміны даўніны сышлі», – распавядае жыхарка Гомля Святлана Кісялёва.

У Гомельскім гарвыканкаме на зварот жыхароў параілі адно: адмовіцца ад паслугаў «Строймиру» і падпісаць дамовы з дзяржаўнымі камунальным прадпрыемствам. Пры гэтым у фірме «Строймир» сцвярджаюць, што працуюць паводле закону.

«Гэта па жаданню, хоча чалавек ставіць у кватэры ці не. Але за дамафон ён абавязаны плаціць, бо ўсе карыстаюцца дзвярамі, але калі не хоча ставіць у кватэры, гэта ж яго пытанні», – кажа дыспетчар ААТ «Строймир».

Мясцовыя праваабаронцы кажуць: падключэнне і абслугоўванне дамафона адносіцца да катэгорыі дадатковых паслугаў, і ад яе можна адмовіцца. Плюс тут навідавоку факты падробкі дамоваў. Яны раяць падаць заяву ў суд за ўвесь час аплаты паслугі, якой насамрэч не аказвалі мясцовыя камунальнікі. І дадаць у суму позвы яшчэ і маральныя страты.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»