Жыхары аграгарадку папрасілі не зачыняць аддзяленне банку, а ўлады параілі «закрыць раты»


Грамадзяне, захоўваеце грошы ў ашчаднай касе! А што рабіць, калі той касы няма? У аграгарадку Язна, што ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці, да канца года ліквідуюць аддзяленне «Беларусбанку». Маўляў, немэтазгодна і нерэнтабельна. Як нерэнтабельна збудаваць у Язне і большую краму… нават аптэку мясцовым жыхарам давялося абараняць.

«Хутка гэта будзе не як некалі вялікая добрая вёска, пасля стала аграгарадком, а будзе аградача. Людзі выедуць». Не выехалі з Язна яшчэ каля сямісот чалавек. Асобны філіял «Беларусбанку», які жыхары Язна па старой памяці называюць ашчаднай касай, у такім мястэчку – немэтазгодны. Што ж мэтазгодна?

«Звяртацца ў аддзяленне «Белпошты». Там будуць грошы – можна будзе зняць грошы. Астатняе – нерэнтабельна», – тлумачыць мясцовая жыхарка Алена Яршэвіч.

Абсалютная большасць мясцовых – пажылыя асобы. Пенсію ім будуць развозіць, як калісьці, паштальёны. А іншыя фінансавыя аперацыі раяць здзяйсняць праз гэтак званы інфакіёск «Беларусбанку».

«Мы вам паставім інфакіёск, каторы нам не патрэбны, – пакуль усе пенсіянеры навучацца ім карыстацца, гэта ім будзе праблема і цэлае гора. Трэба нашым уладам з большай павагай да нас ставіцца», – абураецца мясцовы жыхар Іван Казельскі.

На пачатку двухтысячных у Язне жыло трохі менш за тысячу чалавек. Аграгарадок вымірае. Моладзь з’язджае, дык, магчыма, улады маюць рацыю – няма чаго за вёску і змагацца?

«Са знікненнем любога сацыяльнага абʼекту на вёсцы ў ёй пачынае яшчэ хутчэй занепадаць жыццё. Але гэтая гісторыя – яна нейкая дзіўная, бо вёска яшчэ не залічаная ў неперспектыўныя. Але, відаць, інтарэсы грашовай установы – яны на першым плане», – тлумачыць шэф-рэдактарка Agrolive.by Іна Гармель.

А колькі ж мясцовым жыхарам абяцалі – асабліва сёлета, у Год малой радзімы, – што гэта іхныя інтарэсы будуць першымі. Людзі спрабавалі дагрукацца спачатку да раённых уладаў, затым да Адміністрацыі кіраўніка краіны.

«Наш ліст не дайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта, прыслалі раённую камісію на чале з намстаршынёй, якая нам нічога абсалютна не вырашыла. Мы не задаволеныя нашай мясцовай уладай», – кажа мясцовы жыхар Іван Казельскі.

Выявілася, што мясцовым кіраўніцтвам незадаволеныя і вышэй па вертыкалі ўлады.

«Нашу ўладу выклікалі ў райкам і сказалі: закрый сваім бабам раты! Ну хіба ж так можна з насельніцтвам?! Яны ж фактычна нашыя абраннікі. Мы за іх галасуем, мы іх выбіраем!» – кажа мясцовая жыхарка Ева Астроўская.

Старшыня мясцовага сельсавету з гэтаю настойліваю парадай нічога не зрабіла. Але і ад нашай камеры ўцякае, тлумачачы: вы ж самыя ўсё разумееце.

«Вы ж знаеце: нявыгадна ўтрымліваць, паўсюль скарачэнні. Нам сказалі: нявыгадна ўтрымліваць у населеных пунктах. Наколькі ведаю, у Мёрах скарацілі цэлы паверх і таксама шмат скарацілі», – тлумачыць старшыня Язеньскага Сельсавету Валянціна Фядзьковіч.

Праграма адраджэння сяла з 2005 года паспела ахапіць амаль паўтары тысячы вёсак. Бо аграгарадок паводле закону – гэта не пустое слова. Гэта поўны набор інфраструктуры і абʼектаў на ўзор гарадскіх.

«Дзяржава паабяцала, што гэта аграгарадок, а значыць, ён мае будучыню. А значыць, дзяржава павінная паклапаціцца, каб будучыня была», – кажа Іна Гармель.

Здавалася б, нікому не патрэбны і нерэнтабельны філіял, а зойдзеш пасярод працоўнага дня – чэргі людзей. Ужо калі журналісты зʼехалі з Язна, да нашых суразмоўцаў завітала міліцыя. Высветлілася, што камера і мікрафон «Белсату» заміналі працы нібыта нерэнтабельнай і немэтазгоднай ашчаднай касы.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu