На Гомельшчыне чарговае мястэчка дачакалася магчымасці хаця б часткова прыпадобніцца да тае Беларусі, якую паказваюць афіцыйныя тэлеканалы. Зрэшты, за абноўленыя вуліцы жыхарам Веткі ўжо давялося заплаціць істотна зрадчэлымі паркамі, дзе жывуць чырвонакніжныя птушкі ды пагрозаю закрыцця філіялу мясцовага музею ў Гомлі.
Багатае на культурную і гістарычную спадчыну мястэчка Ветка сёння, падобна, перажывае сапраўдны рэнесанс. У райцэнтры пачаўся рамонт – і таксама па-багатаму: вуліцы перакапаныя, будаўнікі кладуць асфальт і бардзюры, фарбуюць фасады, аднаўляюць ліхтары. І нават сметніцы для асобнага збору смецця – і тыя паставілі! Мясцовыя жыхары ў захапленні: колькі тут жывуць – гэткі аўрал упершыню!
Тлумачэнне «веткаўскаму цуду», зрэшты, ёсць: на чарговыя ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі сюды едзе Аляксандр Лукашэнка.
«А Лукашэнка – малайчына! Ён мой аднагодак, так што ён падняў з каленяў. А так – усё нармальна, вось працуюць. Зарплаты толькі няма! Зарплата, а што зарплата… Пенсіі вунь не дадаюць. А так усё – цьху-цьху-цьху! Дай Бог здароўя яму!», – падзяліся з «Белсатам» адзін з жыхароў Веткі.
Здароўе здароўем, аднак як толькі камеру адводзіш убок, веткаўцы згадваюць абяцаныя «папіццот» зялёных, замест якіх насамрэч маюць толькі дзвесце драўляных – і тое, калі пашчасціць мець працу.
«О, гэта не пытайце! Тут пазачынялі ўсе прадпрыемствы, вось яны і сядзяць. У мяне сын сядзіць, сем гадоў не працуе! Фабрыкі ўсе пазачынялі, дык людзі і не працуюць! Ну можа хто дзе па блаце і ўладкуецца, а ў мяне блату няма дык вось і сядзіць на шыі!», – дзеліцца мясцовая жыхарка.
Ну і рамонт у горадзе не такі ўжо і залаты атрымліваецца: дастаткова адысці ад меркаванага маршруту Лукашэнкі па цэнтральных вуліцах у двары.
Марафет у цэнтры васьмітысячнага мястэчка мае быць завершаны 20-га красавіка. Калі ж дачакаюцца рамонту мясцовыя двары – пытанне без адказу: Лукашэнка ў двары не заходзіць.
Валер Руселік, «Белсат»