Журналісты ў Беларусі: суткі, штрафы і раненні


Журналістку выдання «Наша Ніва» Наталлю Лубнеўскую сёння выпісалі са шпіталю. Дзяўчына правяла ў лякарні больш за месяц – пасля ранення гумоваю куляю.

«Выпісвалася з адкрытым бальнічным, то бок мне яшчэ трэба будзе нейкі нагляд, перавязкі, плюс дома даглядаць за ранай, ёсць пэўныя нюансы. Цалкам загоіцца яна, можа, праз месяц», – раказвае Наталля.

Наталлю паранілі ў калена 10 жніўня. Жаўнер невядомага падраздзялення страляў у журналістаў мэтанакіравана. Да дзяўчыны прыходзілі следчыя, па факце праводзіцца праверка. Ніякай крымінальнай справы не распачалі. Ні выбачэнняў, ні кампенсацыі.

«Я закон не парушала, не я калечыла людзей, не я страляла. Таму чаму я павінна баяцца? Канеяне, мне няёмка звязвацца з гэтай сістэмай, бо я бачу, што адбываецца, што законаў няма, няма ніякіх правілаў гульні», – кажа Наталля.

Сёння на волю выйшаў наш гомельскі калега Андрэй Толчын. За кратамі ён трымаў сухую галадоўку. Журналіста затрымалі яшчэ напярэдадні акцыяў у выходныя, проста ля дому.

«Вось тут, менавіта на гэтым месцы былі два чалавекі ў цывільным, яны мяне затрымалі зранку, мы збіраліся ісці з жонкаю на базар», – расказвае Андрэй Толчын.

У выніку – 5 содняў арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«І суддзі, і міліцыя, і падатковыя, і іншыя дзяржаўныя службы фактычна зʼяўляюцца вузламі, элементамі рэпрэсіўнай машыны. І гэта рэпрэсіўная машына ўжо не кіруецца законамі. Яна кіруецца загадамі», – перакананы журналіст.

У такіх умовах сёння мелася б святкаваць юбілей Беларуская асацыяцыя журналістаў, арганізацыя, якая няспынна бароніць правы журналістаў і змагаецца за свабоду слова ў нашай краіне.

«Сёння мы адмовіліся ад святкавання 25-годдзя. Бо цяпер у Беларусі ідзе вайна з журналістамі, літаральна кожны дзень мы маем затрыманні нашых калег, літаральна кожны дзень нашыя калегі ёсць за кратамі, ідуць суды бясконцыя», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

У Гомлі па-ранейшаму за кратамі застаюцца Марына Драбышэўская і Яўген Меркіс. У Менску – Аляксандр Васюковіч і Уладзь Грыдзін. Усім закідаюць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Наста Кахановіч, «Белсат»