Журналісты – пад прыцэлам


Ціснуць судамі і затрыманнямі таксама на журналістаў. Толькі сёння на Плошчы Свабоды ў Менску затрымалі больш за дзясятак працаўнікоў медыяў, у ліку якіх – трое нашых калегаў. Напярэдадні ж без прычыны затрымалі і пратрымалі ўсю ноч у міліцэйскім пастарунку журналіста «Белсату» Арцёма Ляву.

Чарговы суд на журналістамі «Белсату». Кацярыну Андрэеву абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі, якую яна асвятляла 14 ліпеня. Аднак праз недакладнасці ў пратаколе прысуд не прагучаў – справу адправілі дапрацоўваць.

«У мяне было 4 сведкі, якія пацвердзілі, што я журналістка і не брала ўдзелу ні ў якой акцыі, не выкрыквала лозунгаў. І міліцыянты, амапаўцы, якія мяне затрымлівалі, проста не з’явіліся на суд праз тое, што яны знаходзяцца цяпер на амбулаторным лячэнні», – гаворыць журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Праз некалькі гадзінаў Кацярыну Андрэеву затрымалі. Падчас стрыму, які яна вяла з Плошчы Свабоды. Пасля адлігі мінулага тыдня, калі журналістаў вызвалялі, у апошнія дні рэпрэсіі ізноў вярнуліся: складаюцца новыя пратаколы, а ранейшыя вяртаюцца на судовы разгляд – кажа намеснік старшыні Беларуская асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі:

«Відавочна, улады зноў хочуць паказаць зубы, паказаць тое, што яны могуць рэпрэсаваць не толькі ўдзельнікаў акцыі, але і любога чалавека з камерай, з камізэлькай журналісцкай, з бэйджам з пасведчаннем. Не важна, ёсць у цябе акрэдытацыя або няма – цябе проста затрымліваюць і завозяць кудысьці ў райаддзел».

У аддзеле міліцыі гэтую ноч правёў наш журналіст Арцём Лява. Яго затрымалі напярэдадні на вуліцы Камсамольскай, калі ён прыйшоў да свайго аўта пасля асвятлення акцыі на Плошчы Незалежнасці. Ранкам Арцёма адпусцілі без складвання пратаколу. Тэхніку вярнулі.

«Не называліся. Правялі вельмі шчыльны дагляд ці нават, можна сказаць, вобшук. Не афармлялі ніякім чынам гэтыя свае дзеянні працэсуальныя. Потым мінула тры гадзіны, я ім нагадваю, кажу, што паводле закону вы вінныя паведаміць маім сваякам пра затрыманне, яны кажуць – не–не, мы пакуль не паведамім. Адмаўляліся паведаміць сваякам», – распавядае журналіст «Белсату» Арцём Лява.

Пераслед журналістаў – гэта традыцыйная спроба схаваць праўду пра падзеі ў краіне – кажа прадстаўніца «Белсату» у Беларусі Ірына Слаўнікава:

«Шмат гадоў мы працуем без акрэдытацыі. Неаднаразова звярталіся ў Міністэрства замежных справаў па акрэдытацыю, але нам увесь час адмаўляюць. Таму нашыя журналісты – мішэнь для праваахоўнікаў. Іх збіваюць, падчас гэтых разгонаў мірных дэманстрацыяў нашыя журналісты былі параненыя, тэхніка – пашкоджаная. Нашыя журналісты сядзелі содні».

У паслявыбарчыя дні моцна збілі Алеся Дзянісава, Ірыну Арахоўскую параніла святлошумавой гранатай, Алена Дубовік праз збіццё ў ізалятары трапіла ў больніцу.

Цяпер будні незалежных журналістаў – гэта, на жаль, не толькі затрыманні ды збіццё. Нашая калега з выдання «Наша Ніва» Наталля Лубнеўская па-ранейшаму ў шпіталі. Пасля таго, як у яе адмыслова стрэліў сілавік.

Анастасія Русецкая, «Белсат»