Аб'ектыў 15.03.2017 Жорсткі адказ Лукашэнкі на пратэсты. Што далей?


Да сённяшніх акцыяў пратэсту ўлады падрыхтаваліся – стварылі хвалю рэпрэсіяў і запужванняў. Міліцыянты затрымалі нашых калегаў, незалежных журналістаў, якія здымалі пустую плошчу ў Віцебску, і тых, хто здымаў буйную акцыю пратэсту ў Горадні.

Агулам за апошнія дні больш за 2 дзясяткі журналістаў і блогераў трапілі пад адміністратыўны пераслед. А сёння ў розных гарадах Беларусі суддзі раздавалі штрафы і арышты грамадскім актывістам. Стандартны артыкул – дробнае хуліганства.

На вуліцах Менску – аўтазакі, міліцыя, людзі ў цывільным

Ёсць і спецтэхніка для разгону мітынгаў і разбурэння барыкадаў – браніраваныя пачвары з вадамётамі. Усё, каб стварыць атмасферу страху, каб запужаць людзей. У рэгіёнах сілавікі наўпрост ужываюць фізічную сілу. У Гомлі раніцай амапаўцы ў цывільнай вопратцы напалі на Уладзіміра Няпомняшчых, які ішоў на вакзал, каб ехаць на менскую акцыю.

«Збілі з ног, прыдушылі, рукі-ногі выкручвалі, газавым балончыкам травілі, адабралі фотаапарат і знеслі яго ў невядомым кірунку. Праз 2 гадзіны мне прынеслі гэты фотаапарат», – распавёў спадар Няпомняшчых.

Прынеслі ўжо ў аддзяленні міліцыі, дзе Няпомняшчых пісаў заяву аб разбойным нападзе. Але ў выніку пасадзілі самога гомельскага актывіста – на 3 дні арышту, за лаянку ў грамадскім месцы. Яшчэ і штраф далі.

Затрыманні і арышты працягваюцца

Рэпрэсіі адбыліся напярэдадні ўвечары і сёння з раніцы ў розных гарадах Беларус. Суддзі раздавалі адміністратыўныя арышты за дробнае хуліганства і за ўдзел у ранейшых акцыях пратэсту. У Савецкім судзе Гомля сёння прайшоў другі адміністратыўны працэс над відэаблогерам Максімам Філіповічам, які ўжо сядзіць за кратамі за ўдзел у мітынгу ў Берасці.

«Калі яго забіралі, ён сказаў маці не насіць ежу, бо будзе галадаць… А мы будзем прасіць, каб не галадаў. Ён нам яшчэ патрэбны», – зазначыла жонка блогера Юлія Філіповіч.

У Бабруйску на 15 содняў арышту асудзілі кінарэжысёра Максіма Буйніцкага. На суд пусцілі толькі частку людзей, што прыйшлі падтрымаць сябра.

Турмы, штрафы… «Бабры не рабы!»

Гэта толькі некалькі адміністратыўных справаў, агулам каля 130 чалавек прайшлі праз затрыманні і пераслед за апошнія дні. Каля трох дзясяткаў беларусаў застаюцца за кратамі за ўдзел у пратэсце супраць падатку на беспрацоўе.

Каб на акцыі пратэсту не трапілі апазіцыйныя лідары, сёння працавалі інспектары ДАІ. Затрыманыя аўтамабілі лідара партыі БНФ Аляксея Янукевіча і каардынатара Руху «За Свабоду» Леаніда Гаравога. Але, як паказаў сённяшні дзень, пратэст створаны не апазіцыяй, а незадаволенымі грамадзянамі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары