Жлобінцы страцілі надзею на рамонт двару – і пайшлі на выбары


Ужо шмат гадоў жыхары шматпавярховіку амаль у самым цэнтры Жлобіну дамагаюцца развязання надзённых камунальных праблемаў. Але замест упарадкавання дваравой тэрыторыі атрымліваюць выключна пагаршэнне ўмоваў. Згубіўшы надзею на ўлады, жыхары звярнуліся да незалежнай кандыдаткі ў мясцовыя саветы дэпутатаў.

Жыхары дому 48 на вуліцы Першамайская ў Жлобіне не маюць спакою ні днём, ні ўначы. Праз ушчыльненне тэрыторыя бліз хрушчоўкі літаральна ператварылася ў праязны двор. Дзіцячую пляцоўку ды зону адпачынку тут знішчылі. На іх месцы зрабілі праезд да пяці навакольных дамоў.

«Ездзяць не толькі легкавыя аўтамабілі, але і грузавыя, буйныя машыны. Дзецям і нам, сталым людзям, выйсці, падыхаць паветрам немагчыма», – кажа жыхарка праблемнага двара Эма Чаўскіна.

Да сметніцы ж, якая паўстала ў цэнтры двара, узімку папросту не падысці. Пад’ём да кантэйнераў зрабілі вельмі круты. Сярод скаргаў жыхароў – таксама недахоп паркоўкі і адсутнасць асвятлення.

У мясцовым выканкаме і раённым савеце дэпутатаў людзей не чуюць. Таму амаль усім домам яны прыйшлі на перадвыбарчы пікет да Галіны Пашкоўскай – кандыдаткі ў мясцовыя саветы дэпутатаў ад кампаніі «Гавары праўду».

«Для людзей абсалютна не камфортна, і дэпутат, які цяпер дзейнічае, і балатуецца цяпер на другі тэрмін, гэтыя праблемы не вырашыў, людзі нават яго не ведаюць», – сцвярджае кандыдатка ў мясцовы савет дэпутатаў Галіна Пашкоўская.

Пашкоўская наўпрост падчас пікету зарганізавала збор подпісаў. Незалежна ад вынікаў выбараў яна паабяцала ўзяць сітуацыю на кантроль і накіраваць калектыўны зварот да мясцовых уладаў.

Юлія Лабанава