Жаночая кааліцыя: прыйсці на выбары і правесці новыя пасля 9 жніўня


Зрабіць усё, каб выбары былі легітымнымі, і правесці справядлівыя выбары пасля 9 жніўня. Таксама выпусціць палітычных і эканамічных зняволеных. Гэткія асноўныя пункты аб’яднанай праграмы.

Упершыню за гісторыю беларускіх выбараў альтэрнатыва нязменнаму кіраўніку краіны набыла жаночае аблічча – адразу ў трох асобах.

«Нашыя тры штабы аб‘ядналіся ў першую чаргу, каб аб‘яднаць намаганні. Гэта значыць, што ў нас ёсць гарызантальная іерархія і ў кожнага зоны сваёй адказнасці», – кажа кіраўніца штабу Бабарыка Марыя Калеснікава.

Жанчыны заклікаюць галасаваць за Святлану Ціханоўскую. Між тым, у пункце праграмы таксама значыцца: калі пераможа Ціханоўская, то яна абяцае зрабіць новыя выбары пасля 9 жніўня. Цяпер аб’яднаны штаб займаецца пошукам механізмаў, каб зрабіць выбары празрыстымі.

«Людзі цяпер на пад‘ёме, яны ўстаюць з канапаў, як заклікаў мой сужэнец, і пачынаюць нешта рабіць», – кажа кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская.

Таксама Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала падаюць скаргу на дзяржаўнае тэлебачанне за тое, як афіцыйныя тэлеканалы асвятляюць выбарчую кампанію. Адначасова штабы Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі абскарджваюць рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб нерэгістрацыі іхных лідараў кандыдатамі.

«Чаму мы звяртаемся ў суд і чаму мы разумеем, навошта нам гэта трэба? Перадусім для таго, каб падчас судовага паседжання правялі нармальную экспертызу подпісаў. Вы ведаеце, ЦВК забракавала 50 % подпісаў майго сужэнца. Мы назавем імёны людзей, якія праводзяць фальсіфікацыі ў Беларусі», – кажа Вераніка Цапкала, жонка Валерыя Цапкалы.

Вераніка Цапкала таксама нагадала праваахоўным органам, што прысягу яны давалі народу, а не аднаму чалавеку. Ці можа мець поспех супольная дзейнасць трох штабоў, улічваючы, што кожны з іх згуртаваў вакол сябе даволі розныя групы выбарцаў?

«Асаблівасць гэтай кампаніі ў тым, што на сёння большасць людзей, якія, скажам, апаненты дзейнай улады, ужо не ставяць сабе пытання «хто, калі не Лукашэнка?», а яны вызначылі сабе такую аксіёму: любы, абы не Лукашэнка», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

А што думаюць пра аб‘яднанне штабоў апанентаў Лукашэнкі менчукі?

«Ёсць такі беларускі выраз: гуртам і бацьку біць лягчэй».

«Аб’яднацца раней трэба было, ну яны робяць усё, што разумна, але я не думаю, што эфект будзе ўражальны».

«Я думаю, што яны будуць разам і змогуць прыбраць яго з гэтага статусу прэзідэнта».

«Будзем спадзявацца, што здолеюць перамагчы, будзем у гэта верыць і прыкладваць намаганні ўсе разам».

Паводле палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, цяпер інтрыга ў тым, што ж будуць рабіць улады.

«Улада, у адрозненне ад таго, што думаюць многія аналітыкі, як мне падаецца, не мае нейкага загадзя вызначанага плану, а рэагуе па прынцыпе «дзень пратрымацца, ноч прастаяць» і кожны раз рэагуе на новую сітуацыю», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Пры гэтым адкрытых заклікаў выходзіць на вуліцы ў часе сённяшняй прэс-канферэнцыі не прагучала. Як адстойваць свае галасы грамадзянам? Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала прапаноўваюць вырашаць кожнаму выбарцу самастойна.

Наста Кахановіч, «Белсат»