Жаночае аблічча беларускага пратэсту


Настасся – настаўніца гісторыі ў адной з менскіх школаў. Прызнаецца, што ніколі не была ўдзельніцай якога-небудзь руху. Але з пачаткам пратэстаў у Беларусі пачала браць у іх удзел.

«Калі ты бачыш, што адбываецца, і пачынаеш думаць, што ты можаш зрабіць, якім чынам дапамагчы людзям са сваёй краіны, сваёй краіне дабіцца праўды… І гэта, напэўна, тая невялікая частка, якую я сапраўды магу зрабіць, як я магу мірна, законна, праўда, не ўсе так лічаць, выказаць сваё меркаванне і выявіць свае правы», – дзеліцца Настасся.

Найбольш каштоўным дзяўчына лічыць тое, што на працягу ўжо амаль двух месяцаў пратэст застаецца мірным і шматлікім, нягледзячы на спробы брутальна здушыць і запужаць дэманстрантаў.

«У мяне і мая сястра пытаецца: «Табе не страшна хадзіць?» Зразумела, што калі ты бачыш АМАП, то вельмі страшна… Але больш страшна гэтак жыць», – кажа дзяўчына.

На думку суарганізатаркі феміністычнае групы Каардынацыйнае Рады Юліі Міцкевіч, беларускія жанчыны сталі рухальнаю сілаю пратэсту, прадэманстраваўшы сваю суб’ектнасць у адказ на гвалт і абразы з боку ўладаў. Інтэрвʼю нашаму каналу Юлія давала з-за мяжы.

«Жанчыны, як вада, маглі абыходзіць сілавікоў, тады быццам бы ніхто не затрымліваў. Сталася зразумелым, што калі жанчыны могуць абысці, то яны могуць і вырвацца. Тады пачаліся затрыманні, жанчыны ўсё роўна не перасталі выходзіць. Жанчын відавочна шмат не толькі на жаночых маршах – яны выходзяць з усімі, яны выходзяць на ўсе акцыі: і студэнтаў, і дактароў, і на нядзельныя маршы», – зазначае суарганізатарка фемгрупы Каардынацыйнае Рады Юлія Міцкевіч.

Пра ролю жанчын у сёлетніх беларускіх пратэстах мы запыталі і мінакоў.

«Выйду я на пратэст, атрымаю па спіне два разы. Жанчыны, наколькі я ведаю, праз адну атрымоўваюць па спіне. Лагічна? Будзем спадзявацца, што ў чарговы раз жанчыны нас уратуюць».

«Сёння самыя галоўныя, падаецца, жанчыны. Яны паўсюдна актыўныя: удома гаспадыні, падтрымліваюць сваіх дзяцей, унукаў, выказваюць сваё меркаванне».

«Я вельмі радая, што нашыя жанчыны, беларускі, змагаюцца за сваю свабоду і за свой народ».

Відавочна, у здольнасці да абʼяднання ўлады і ўбачылі пагрозу для сябе. Тым больш, што ў вачах дзяржавы жанчыны заўжды ўспрымаліся ў ролі хатніх гаспадынь.

«…калі пачаліся менавіта жаночыя суботнія маршы, якіх ніхто не чакаў. Не чакаў, што там будуць нейкія палітычныя лозунгі ці патрабаванні. Што будуць плакаты са словамі «Найлепшыя сябры жанчын – правы чалавека» ці «Месца жанчыны ля пліты, магільнай пліты дыктатуры» і г. д.», – мяркуе Юлія Міцкевіч.

Нягледзячы на змяненне тактыкі ў дачыненні жаночых мірных выступаў: ва ўжыванні сілы пры затрыманнях, вялікіх тэрмінах арышту і ціску на асобных актывістак – жаночыя маршы не спыняюцца.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»