Аб'ектыў 17.05.2019 Жанчыне не далі бальнічны на дзіця, бо ейны муж працуе за мяжой


Сям’я з Бабруйску сутыкнулася ілбом з праблемамі, якія стварыў для насельніцтва так званы Дэкрэт аб дармаедах. Алесі Гарбаценцы не далі бальнічны з-за хваробы дзіця, бо залічылі яе мужа ў «дармаеды».

Якім бы моцным не быў, здараецца, што захварэеш…

«Атрымліваецца, 2 тыдні мы адхадзілі на нагах, а потым у сына пачаліся высыпанні, якія часаліся. Я назірала за прышчыкамі і зразумела, што гэта «вятранка», – распавядае Алеся Гарбаценка, жыхарка Бабруйску.

Да сямігадовага Міхася доктар прыехаў на дом. Дыягназ пацвердзіў. Але адмовіўся адкрыць бальнічны ягонай маці, якая часова выхоўвае хлапчука сама. Лекар Бабруйскай дзіцячай паліклінікі №1 гэтак і сказала: не можаце давесці, што муж афіцыйна працуе за мяжою, – замест бальнічнага лістка атрымаеце даведку пра хваробу.

«Даведка кажа пра тое, што я не прагульвала. Яна будзе ў вас на руках, але не будзе аплачвацца», – кажа Алеся Гарбаценка.

Абураная ўмяшаннем у фінансавыя справы сям’і, Алена запатрабавала разбіральніцтва. 8 траўня яе выклікалі на камісію, у склад якой увайшлі лекары ўсіх медустановаў Бабруйску.

Лекарская камісія, Бабруйск:

«Калі тата не працуе, то ў гэты дзень бальнічны не выдаём. Ёсць чалец сямʼі, які не працуе, значыць ён не патрабуе вызвалення ад працы па апецы за дзіцём. Вось калі б тата захварэў ці мама – ім адмовіць немагчыма».

Такая інструкцыя дзее з 31 студзеня, згодна з пастановаю Мінздароўя і Мінпрацы. Без даведкі пра працаўладкаванне Мікалаевага тату аўтаматычна залічылі ў так званыя дармаеды.

Адмаўляць спадарыні Алене ў «бальнічным» нават згодна з той жа інструкцыяй Мінздароўя паліклініка не мела права – ацэньвае сітуацыю Ігар Комлік з прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП):

«Бо сітуацыі могуць быць розныя. Той жа тата можа ўехаць на адпачынак у момант хваробы дзіця і атрымаецца, што ён у гэты момант не працуе, а апекавацца сынам мусіць мама».

Падобных перагінаў зрабілася нямала пасля зʼяўлення Дэкрэту №3, які прадугледжвае пераслед працаздольных асобаў, незанятых у эканоміцы. Сачыць за «дармаедамі» абавязалі шырокае кола арганізацыяў: Міністэрства працы, камунальныя службы, БРСМ і «Белую Русь», чыноўнікаў, кіраўніцтва ўніверсітэтаў, і, як бачым, медустановы.

«Дэкрэт №3 зʼяўляецца антыканстытуцыйным і ў прынцыпе парушае права ўсіх грамадзянаў Беларусі. У нас няма абавязку працаваць», – дадае Ігар Комлік.

Дзеля ўзʼяднання сямʼі, але таксама праз крыўду на стаўленне дзяржавы Алеся Гарбаценка прыняла рашэнне таксама пераехаць за мяжу.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары