Згоды наконт санкцыяў няма


Краіны Еўразвязу салідарныя ў жаданні пакараць кіраўніцтва Беларусі за грубыя парушэнні правоў чалавека. Але ўзгадніць санкцыяў сёння не ўдалося. Першы дзень брусельскага саміту кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаваў вынікаў не прынёс.

У першы дзень саміту санкцыяў супраць Менску ўхваліць не ўдалося. Лідары Еўразвязу сабраліся ў Бруселі, каб вырашыць, як адказаць на атручванне Навальнага, агрэсіўныя паводзіны Турцыі ды фальсіфікацыю выбараў у Беларусі.

«Я б хацеў, каб мы ўвялі кропкавыя санкцыі і ўзмацнілі ціск Еўразвязу, каб падштурхнуць улады Беларусі да дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і прыняць пасярэдніцтва АБСЕ. Толькі так можна выйсці з крызісу. Я абмяркоўваў гэта ўчора з прэзідэнтам Пуціным. Магу сказаць, што ён падзяляе прынамсі нашае бачанне выхаду з крызісу праз перамовы пры пасярэдніцтве АБСЕ», – распавёў пра свой план прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

Візавыя абмежаванні супраць беларускіх чыноўнікаў краіны Еўразвязу спрабуюць увесці з 21 верасня. Тады ў чорным спісе значыўся 31 беларускі чыноўнік. Аляксандра Лукашэнкі сярод іх не было.

«Еўропа з аднаго боку дэманструе сімвалічныя санкцыі, з другога – гандлюе з сілавікамі, і не проста з сілавікамі, а з тымі, хто гвалціць беларускіх грамадзянаў. Трэба, каб спынілі гандаль з сілавікамі, якія носяць форму нямецкіх паліцыянтаў, навучаныя імі для разгону дэманстрантаў», – абураецца філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Пакаранню сілавікоў і фальсіфікатараў, аднак, перашкаджае не Берлін, а Нікасія. Кіпр патрабуе ўвесці санкцыі супраць Турцыі, якая пачала здабываць газ у яго тэрытарыяльных водах. Аляксандр Лукашэнка асабіста павіншаваў прэзідэнта Кіпру з Днём незалежнасці і падзякаваў за «салідарнасць».

«Кіпр – гэта вялікая афшорная зона для адмывання расейскіх і беларускіх грошай. Кіраўніцтва Кіпру карыстаецца хутчэй як нагодай сваймі цяжкімі стасункамі з Турцыяй», – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

ЗША ад увядзення санкцыяў пакуль таксама ўстрымаліся. Паводле паведамленняў медыяў, Вашынгтон чакае рашэння Еўразвязу.

«Я б дадаў яшчэ адзін фактар, які досыць істотны, – гэта прызначэнне амерыканскага амбасадара ў Менску. Гэтае пытанне стала досыць адчувальным для Злучаных Штатаў пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка сам сябе прызначыў на шосты тэрмін і фактычна стаў нелегітымным», – тлумачыць былы дыпламат Валер Кавалеўскі.

Пакуль Доналд Трамп чакае, Кангрэс ЗША стварыў законапраект аб абароне дэмакратыі ды суверэнітэту ў Беларусі. Дэпутаты прапаноўваюць не прызнаваць Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам, не прызнаваць інтэграцыю Беларусі ў любую «саюзную дзяржаву» з Расеяй, накласці санкцыі на расейцаў, якія дапамагаюць кіраўніцтву Беларусі душыць пратэсты.

«Відавочна, Злучаныя Штаты разумеюць, што менавіта суверэнітэт Беларусі цяпер пад пагрозаю, і яны вызначаюць тых людзей, якія маюць дачыненне да гэтай пагрозы. Гэта Лукашэнка, ягоны рэжым і Расея, якая гатовая скарыстацца з ягонай слабасці», – адзначае Валер Кавалеўскі.

Не чакаючы рашэння Бруселю, санкцыі супраць 130 беларускіх чыноўнікаў шэсць дзён таму ўвяла Літва. Сёння ў прысутнасці Святланы Ціханоўскай рэктар Віленскага ўніверсітэту падпісаў пагадненне аб бясплатным навучанні беларускіх студэнтаў, якіх выключылі з ВНУ з палітычных матываў.

«Ад Еўрапейскага Звязу я чакаю, што яны прымуць санкцыі, што яны вырашаць усе пытанні, якія ўзнікалі да гэтага», – спадзяецца Святлана Ціханоўская.

Еўразвяз мае падрыхтаваць план дапамогі Беларусі на перыяд пасля сыходу Лукашэнкі – заявіў сёння ў Бруселі літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа.

Аляксандр Папко, «Белсат»