«Збожжавыя сохнуць, хутка бульбы не будзе». Ці ўдасца сёлета ўратаваць ураджай?


Спёка вышэйшая за 30 градусаў, суш і недахоп дажджоў. Ці ўдасца ўратаваць ураджай? Гэткім пытаннем задаюцца жыхары вёсак Старая Беліца і Зялёны Сад, што на Гомельшчыне.

«Занадта шмат вады насіць даводзіцца – трыста літраў як мінімум. Сохне ўсё».

«Збожжавыя сохнуць, агароды – усё сохне, дажджу-та няма. Хутка і бульбы не будзе».

«Цыбуля прападае. Часнык зімовы ў мяне прапаў. Усё вяне – нічога не расце абсалютна, стаіць бабылём. Усё пагарэла», – распавядаюць жыхары вёскі Старая Беліца Гомельскага раёну.

Паводле сіноптыкаў, тэмпература паветра ў чэрвені перавысіла кліматычную норму амаль на чвэрць, максімальна паветра прагравалася да 34 градусаў. Пры гэтым ападкаў выпала ўсяго траціна ад неабходнага.

Па ўсёй краіне пасевы пашкоджаныя на плошчы амаль 30 тысяч гектараў. Найбольш пацярпела Гомельшчына, кажуць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Прагнозаў на будучы ўраджай тут не даюць.

«Сітуацыя не стабілізавалася, яна пагаршаецца, і ацэнку рабіць пакуль рана. Як і летась: мы не дабралі ўраджаю, але гэта не значыць, што харчовы рынак неяк пацярпеў – не. Недахоп збожжа мы набылі праз імпарт, вытворчасць жывёлагадоўлі не знізілі. Але бюджэт ад гэтага дакладна не пацярпіць – бюджэтная нагрузка штогод толькі памяншаецца. Так, на фінансавую дзейнасць сельскіх гаспадарак гэта ўплывае», – адказвае прадстаўнік Міністэрства сельскай гаспадаркі Васіль Ядлоўскі.

Летась недабор ураджаю ў Беларусі склаў каля 2 мільёнаў тон, што пацягнула за сабою каля 300 мільёнаў долараў стратаў, кажа былы дарадца міністра сельскай гаспадаркі. Ці здолеюць страхавыя кампаніі кампенсаваць такія страты аграпрадпрыемствам?

«Гэта прывядзе да таго, што колькасць стратных гаспадарак павялічыцца. Сёння іх траціна, а будзе, вядома, больш. Таму кошты могуць павялічыцца на малако, на птушку, на яйкі яны могуць вырасці», – гаворыць былы дарадца міністра сельскай гаспадаркі Казімір Раманоўскі.

Гарачае надвор’е з невялікімі дажджамі сіноптыкі прагназуюць і на бліжэйшыя тыдні.

Галіна Абакунчык, belsat.eu