Зборная Расеі можа не паехаць на Алімпійскія гульні 2020 года ў Токіа


Зборная Расеі імаверна паедзе на чэмпіянат свету ў Катар. Сусветнае антыдопінгавае агенцтва WADA не мае прэтэнзіяў да футбалістаў, заяўляюць расейскія спартовыя чыноўнікі. Аднак застаецца верагоднасць, што расейцы не будуць прадстаўляць сваю краіну на Алімпіядзе ў Токіа і чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы.

Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацыяў IAAF зноўку вырашыла не аднаўляць статусу Усерасейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Кажучы прасцей, на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які стартуе ў сталіцы Катару праз месяц, пад расейскім сцягам ніхто выступаць не будзе. Прычына ў магчымым працягу цэнтралізаванага ўжывання допінгу расейскімі атлетамі.

«У Расеі ёсць хранічная праблема: спартоўцы і мясцовыя спартовыя федэрацыі працуюць з дыскваліфікаванымі трэнерамі, што падрывае стварэнне якой кольвек моцнай антыдопінгавай культуры», – заявіў кіраўнік працоўнай групы IAAF Рунэ Андэрсэн.

Таксама аб’яднанне лёгкаатлетаў свету IAAF прыняла да ўвагі рашэнне сусветнага антыдопінгавага агенцтва WADA, якое ініцыявала разгляд пытання аб неадпаведнасці Расейскага антыдопінгавага агенцтва РУСАДА. Як аказалася, з інфармацыйнай базы маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі знікла частка інфармацыі аб станоўчых допінг-пробах спартоўцаў. Іншымі словамі, хтосьці, падобна, выдаліў звесткі пра забароненыя рэчывы, знойдзеныя ў аналізах расейскіх атлетаў.

«Мы ўпэўненыя, што пакет доказаў, якія мы падалі розным міжнародным федэрацыям, вытрымае любую форму правярання, і тады спартоўцы, якія падманвалі, будуць пакараныя адпаведна з правіламі», – кажа старшыня Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Крэйг Рыдзі.

Пры гэтым Расейскае антыдопінгавае агенцтва ўжо было дыскваліфікаванае раней, тры гады таму, за меркаваную дзяржаўную праграму ўжывання допінгу і цэнтралізаванай падмены аналізаў расейскімі спецслужбамі.

«У Расеі было шмат магчымасцяў абвергнуць розныя пытанні і абвінавачанні, але калі за некалькі гадоў гэта не было зроблена, то значыць, няма падставаў, няма магчымасці, і непраўдзівая арганізацыя, у прыватнасці RUSADA», – мяркуе спартовы аглядальнік «Белсату» Аляксандр Пуціла.

Усё сурʼёзна – зборная Расеі можа не паехаць і на летнюю Алімпіяду 2020 года ў Токіа. Некалькі расейцаў з чыстымі вынікамі аналізаў змогуць выступіць пад нейтральным сцягам. Адная з іх, чэмпіёнка ў скоках у вышыню Марыя Ласіцкене, ужо заявіла, што спартоўцы могуць выехаць трэнавацца за межы Расеі, каб быць дасяжнымі для міжнародных допінг-афіцэраў.

Нельга сказаць, што міжнародныя спартовыя чыноўнікі шукаюць забароненыя рэчывы толькі ў расейскім спорце – стужкі навінаў поўняцца скандаламі вакол асобных спартоўцаў, сусветных зорак, якія, аказваецца, мухлявалі.

«Узмацніўся допінгавы ціск на спартоўцаў і спартовыя федэрацыі, бо з’явіліся новыя спосабы праверкі і пераправеркі допінгавых спробаў, замарожаных з 2008-х і 2012-х года», – тлумачыць Аляксандр Пуціла.

Як мяркуе спартовы аглядальнік, медычны прарыў у пошуку допінгу ў выніку даў ніжэйшы ўзровень рэкордаў. Цяпер атлетам і трэнерам занадта рызыкоўна займацца брудным спортам.

Яраслаў Сцешык belsat.eu