Збітаму случаку прысудзілі тры гады калоніі


Тры гады пазбаўлення волі. Родныя Рамана Караневіча шакаваныя. Маці хлопца стала блага, з суда яе вывезла хуткая. 29-гадовы Раман Караневіч гуляў з братамі 10-га жніўня ў Слуцку. Да кампаніі падышлі міліцыянты і сталі пытаць, хто з іх крычаў «Жыве Беларусь».

«Хто крычаў? Я ім адказаў, што ніхто. Яны яшчэ раз спыталі, хто крычаў. Брат размаўляў праз тэлефон, я адказваў яшчэ раз: ніхто. Брат не зразумеў, ён дагаварыў, нахіліўся наперад і пачаў уцякаць», – кажа сведка і брат асуджанага Максім Жукаў.

Паводле пацярпелага міліцыянта Івана Ганчарэвіча, далей Раман ударыў яго па галаве так, што пайшла кроў і заліла яму вочы. Сам Раман прызнаў на судзе, што, магчыма, кінуў у паветра нейкі прадмет, але намеру трапіць у міліцыянта не меў.

«Крыві не было, гэта было фактычна 30 метраў ад мяне, я быў нядаўна, пару дзён таму, на тым самым месцы: так, там цёмна і праезджая частка асвятляецца. То бок там было відаць, на працаўніку не было крыві, ён падняўся і пабег далей за братам», – кажа Максім.

Паводле сведчанняў міліцыянта, Раман быў у міліцэйскай машыне да 11-ай гадзіны вечара. А паводле пратаколу, затрыманне адбылося а другой уначы. У любым выпадку, пасля затрымання мужчына трапіў у шпіталь.

«Два рэбры зламаныя, на пазванку перабіта было, нага перабітая, вока, кровападцёкі, сінякі, ранкі», – пералічвае траўмы яшчэ адзін брат хлопца Віктар Жукаў.

Жонка Рамана за тры месяцы бачыла яго толькі аднойчы, на дазволеным спатканні. Уся камунікацыя – праз лісты. Сваіх дзяцей Раман не бачыў з моманту затрымання. Супраць мужчыны распачалі крымінальную справу паводле другой часткі 363-га артыкулу і адправілі яго ў Жодзіна.

«Я не думала, што так. Што апраўдаюць ці нават тэрмін менш, але не тры гады за такое. Проста сядзець ні за што», – кажа жонка хлопца Марыя Караневіч.

Таксама на тры гады калоніі агульнага рэжыму ўчора ў Гомлі асудзілі мужчыну паводле 364-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Ён распыліў пярцовы газ у вочы амапаўцам і цалкам прызнаў віну. Цяпер у справах за супраціў ці ґвалт у дачыненні міліцыянтаў праходзяць некалькі дзясяткаў чалавек.

Наста Кахановіч, «Белсат»