Збілі за беларускую мову. 54 гады таму загінуў пісьменнік Ігар Хадановіч


«Подожди, я тут одного пшека научу говорить по-русски». З такімі словамі, паводле ўспамінаў Уладзіміра Караткевіча, 54 гады таму 9 студзеня збілі беларускамоўнага журналіста і пісьменніка Ігара Хадановіча. Хадановіч загінуў.

Гісторыю забойства Хадановіча чуў ад бацькоў і пісьменнік Адам Глобус:

«Ігар Хадановіч са сваім сябрам вырашылі патэлефанаваць знаёмым. Пакуль Хадановіч з сябруком размаўлялі, да тэлефоннай будкі падышлі бандзюкі, яны пачулі беларускую мову і пачалі абражаць Хадановіча і ягонага сябра. Прапаноўвалі гаварыць «по-человечески». Усчалася бойка».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Праз чатыры гады пасля смерці Ігара Хадановіча быў забіты паэт Анатоль Сербантовіч. Сведкі сцвярджаюць, што і яго збілі да смерці за беларускую мову.

Выпадкі агрэсіі праз моўную нянавісць здараюцца і ў наш час.

«Я не выпадкова стаю сёння каля Крупскага «Еўраопту», таму што тут адбыўся прыкры выпадак, які характарызуе нашу моўную сітуацыю і нашыя моўныя канфлікты. У чэрвені 2019 года я быў тут зняважаны за сваю беларускую мову, ледзь не пабіты», – распавядае мастак Алесь Пушкін.

Гэта быў не першы выпадак, калі мастак сутыкнуўся з агрэсіяй у свой бок з-за беларускамоўнасці. Алесь Пушкін паказвае фотаздымкі:

«Вось прыкладна з такой гематомай я выглядаў 15 лістапада 2008 года, калі ўвечары на нашым прыпынку пяцёра маладых хлопцаў – ад 16 да 21 года – пачалі са мной бойку за беларускую мову».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа, што ціск на беларускамоўных звязаны з агульнаю палітыкаю русіфікацыі:

«Якая праводзіцца больш актыўна, менш актыўна, у нас на Беларусі ўжо на працягу двухсот, мабыць, гадоў. Зараз мы бачым рэзкае скарачэнне беларускамоўнага навучання, адсутнасць беларускамоўнай адукацыі ў ВНУ, практычна адсутнасць беларускай мовы ў сілавых структурах».

«Чалавек, які абяцаў расцвісці ў неабыякога празаіка»: так напісаў Караткевіч пра Ігара Хадановіча, якому на момант смерці споўнілася 25 гадоў.

Алена Дубовік belsat.eu