Аб'ектыў 30.11.2019 Завялі мініяцюрную свінку і пітона: досвед жыхарак Магілёву


Кот Арчы і пітон Грэй у хаце Насты з Магілёву. Фота – Вольга Васільева/«Белсат»

Дзве жыхаркі Магілёву – пра шчасце і пазітыў ад экзатычных для Беларусі хатніх гадаванцаў.

Міні-піг Вінсэнт, ці па-простаму Віні, жыве ў Лізы дома некалькі месяцаў. Дэкаратыўную свінку дзяўчыне падарылі. Дагэтуль у Лізы былі і пацучкі, і трусікі, і нават тхор. А цяпер – новы сябра з ружовым пятачком.

Пра свайго міні-піга Ліза кажа: «Рохкае заўсёды па-рознаму, і па гэтым можна вызначыць, хоча ён у туалет, хоча ён на вуліцу, хоча ён есці, хоча ён на рукі, можа яму нешта не падабаецца. То бок, вось гэта ўсё гучыць у яго рохканні».

Віні мае сваё месца, але любіць спаць у ложку гаспадыні – на мяккім. Карміць яго можна ўсім, свінка не ліняе і не выклікае алергіі. У туалет Ліза раніцай і ўвечары выводзіць міні-піга на двор, а дома ён прывучаны да латка.

«Я нават не ведаю, да якой жывёлы яго бліжэй аднесці, да сабакі або да ката. Па паводзінах – ён як сабака – на вуліцы як сабака на ланцугу ходзіць, у хаце – як кот – яго трэба пагладзіць, я хачу на ручкі», – кажа гаспадыня міні-піга Віні Ліза Марчанка.

Сапраўды, на вуліцы Віні можна было б прыняць за сабаку, але звычка рыць зямлю цалкам выдае яго.

Міні-піг Вінсэнт на руках у сваёй гаспадыні Лізы. Фота – Вольга Васільева/«Белсат»

Мінакі вельмі дзівяцца і цешацца, пабачыўшы чорную дэкаратыўную свінку проста ў горадзе. Вось што кажуць апытаныя намі жыхары Магілёва:

«Ніколі не ведала, што такое можна дома, ну калі ён акуратны, то чаму б і не. Наагул коцікаў вельмі люблю».

«Ой, лапушка! Вось ад праўнукаў засталося, трымай цукерку».

«Ну я наагул сам хачу лятучую мыш, калі шчыра, таму я наагул за».

«А вось ён сказаў сава, яшчарка – вось нешта больш цікавае».

Гаспадары экзатычных для Беларусі хатніх гадаванцаў таксама знайшліся ў Магілёве. Наста некалькі месяцаў таму завяла каралеўскага пітона. Яе маленькая дачка і кот Арчы былі не супраць. Для свайго пітона Наста абрала мянушку Грэй:

«Каралеўскі пітон – гэта адна з самых спакойных змей, ня агрэсіўная, для мяне гэта вельмі важна, таму, што ў мяне ёсць дзіця. Каралеўскі пітон ніколі ў выпадку небяспекі не накідваецца, ён скручваецца ў клубок і хавае галаву».

Жыве пітон Грэй у тэрарыуме, у якім трэба сачыць за ўзроўнем вільгаці ды тэмпературы. Свежая вада ў Грэя стаіць пастаянна, а вось ежу – жывога хамяка – дастаткова даваць раз на тыдзень.

«Мне вельмі падабаецца браць яго на рукі, калі я знаходжуся дома, ён увесь час сядзіць на мне. Поўзае дзесьці ў мяне там на шыі, на руцэ, пад халатам, на канапе. На вуліцу, на прыроду мы з ім таксама выходзім», – кажа Наста.

У горадзе спецыялістаў па пітонах небагата, і ўсю інфармацыю аб даглядзе трэба шукаць у інтэрнэце. Але ў цэлым Наста задаволеная: дома яе заўсёды чакае Грэй – гадаванец, які прыносіць шчасце і пазітыў.

Рэпартаж Вольгі Васільевай глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 лістапада

Глядзі таксама
Каментары