Аб'ектыў 22.06.2018 Завод яшчэ не працуе, але ўжо моцна смярдзіць


Ля Светлагорску працягваюцца жарсці вакол заводу беленай цэлюлозы. Прадпрыемства яшчэ не пачало паўнавартаснай працы, але на кіламетры ад яго распаўсюджваецца такі непрыемны пах, што жыхары навакольных вёсак ужо не маюць моцы трываць.

У вёсцы Якімава Слабада, дзе беспасярэдне і месціцца завод, адбылася сустрэчы мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі прадпрыемства, мясцовых уладаў і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

«Гэтым мясцовым князькам, гэтай уладзе народ канкрэтна сказаў: «Мы вам не давяраем». … Усё! Гэта край! Так падманваць, як яны зараз падманваюць, ужо не можна. Ужо от так насыціліся!», – абураецца жыхарка Светлагорску Алена Маслюкова.

Галоўная прэтэнзія грамадзянаў да будоўлі заводу беленай цэлюлозы – гэта той непрыемны пах, які распаўсюджваецца на радыус да трыццаці кіламетраў, як сцвярджаюць мясцовыя жыхары.

«Я сам з вёскі Яланы – гэта недалёка адсюль, і да маёй вёскі таксама дайшоў гэты страшэнны пах. Калі я сюды прыязджаў здымаць, то мяне ванітавала, нешта бурчэла ў жываце, я адчуваў, што так не можа быць», – распавядае актывіст Кастусь Жукоўскі.

На гэты момант плануюць другі пробны запуск заводу, што і выклікае занепакоенасць мясцовых жыхароў. Аднак, паводле прадстаўнікоў прадпрыемства, імі гэты фактар ужо ўлічаны. Гэтак, для нейтралізацыі газаў, што непрыемна пахнуць, плануецца задзеяць адмысловую сістэму фільтраў.

«Неабходна было дапрацаваць схему падачы нейтралізуючых вадкасцяў дзеля таго, каб гэтыя газы паглынуць. Вось гэтая схема на дадзены момант выкананая недзе на 70%. І да канца тыдня кітайскі бок абяцае гэтую схему скончыць», – запэўнівае намеснік галоўнага інжынера ЗБЦ.

Аднак людзі не задаволеныя тым, як улады вядуць справы, таму настаўленыя кантраляваць запуск заводу, а таксама арганізоўваць пратэст у выпадку далейшага забруджання прадпрыемствам навакольнага асяроддзя.

«Трэба падымаць міжнародную супольнасць, збіраць грошы, каб прыцягнуць нейкіх незалежных экспертаў, каб яны бралі ўдзел у вырашэнні гэтай праблемы, таму што гэтая праблема можа вельмі крывава адгукнуцца на ўсім нашым рэгіёне», – мяркуе мясцовая жыхарка Тамара Кавальчук.

Па выніку сходу ўлады ўсё ж такі пагадзіліся ўлучыць грамадскіх актывістаў у склад камісіі для прыёму заводу перад пачаткам другога вітка пуска-наладкавых працаў. І настрой у людзей рашучы.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары