Заснавальніку «БелаПАН» Алесю Ліпаю пагражае да 7 гадоў турмы


Нясплата падаткаў у асабліва буйным памеры. Пасля 7-гадзіннага ператрусу ў кватэры кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая працаўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю адвезлі журналіста на допыт, аднак неўзабаве адпусцілі. Цяпер заснавальніку адзінага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі пагражае да 7-мі гадоў пазбаўлення волі.

У кватэру Алеся Ліпая на менскай вуліцы Пуліхава фінансавая міліцыя пачала біцца а 7-й раніцы. Пагражалі выламаць дзверы.

«Раніцай праваабаронцам патэлефанаваў кіраўнік Белапану Алесь Ліпай і паведаміў, што ў ягоную кватэру спрабуюць трапіць працаўнікі Дэпартаменту фінрасследванняў КДК і правесці ператрус. Пакуль яны не трапілі ў кватэру, сюды, на Пуліхава, здолелі трапіць праваабаронцы. Але калідор і тамбур кватэры Алеся Ліпая, ачэплены», – распавядае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Калі б дырэктар БелаПАНу адразу адчыніў – ніхто б і не даведаўся, бо потым ягоны тэлефон не адказваў. Вобшук доўжыўся 7 гадзінаў, у панятыя міліцыянты ўзялі працаўнікоў камунальных службаў. І не прапусцілі ў кватэру праваабаронцаў ды адваката Ліпая.

«Я расцэньваю гэта, як атаку на адно з галоўных інфармацыйных агенцтваў, практычна адзінае такое па-сутнасці незалежнае інфармацыйнае агенцтва ў Беларусі. У прынцыпе гэта кладзецца ў логіку ўладаў, калі глядзець на папраўкі ў закон аб СМІ, якія былі прынятыя нядаўна, калі глядзець на ранейшыя блакаванні сайтаў – Белпартызана, Хартыі», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Калі вобшук скончыўся, дырэктара БелаПАНу разам з канфіскаваным камп’ютарам завезлі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў па Менску і Менскай вобласці.

Толькі потым ДФР пры Камітэце дзяржкантролю паведаміў, за што затрымалі журналіста. Фінансавая міліцыя распачала крымінальную справу паводле ўхілення Ліпаем ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Дырэктар БелаПАНу нібыта атрымаў за 2016–17 гады фінансавыя сродкі ад замежных рэзідэнтаў на 1 мільён 300 тысячаў рублёў у эквіваленце і не сплаціў падаткаў. 12-га чэрвеня Ліпай нібыта прызнаў факт правапарушэння, заплаціў падатак і пеню на суму 191 тысяча рублёў, але Камітэт усё роўна распачаў пераслед. Дырэктару і заснавальніку БелаПАНу пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Ведаем, што дастаткова часта ўжываецца механізм фінансавага ціску на грамадскіх актывістаў, палітычную апазіцыю. Дастаткова ўзгадаць справу Алеся Бяляцкага, які тут таксама прысутнічае, і справу незалежнага прафсаюзу, якая сёння разглядаецца«, – кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

Справа праваабарончага цэнтру «Вясна» і справа незалежнага прафсаюзу РЭП маюць агульную рысу – крымінальны пераслед з нагоды нясплаты падаткаў на грошы, якія ішлі на грамадскія мэты. Алесь Бяляцкі за гэта быў асуджаны на 4 з паловаю гады, лідарам прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу ды Ігару Комліку пагражае да 7-мі гадоў. Крымінальны пераслед дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адбываецца на фоне агульнага пераследу журналістаў у Беларусі і зменаў у законе аб СМІ, якія сёння прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

«Змены ў закон аб СМІ павялічваюць дзяржаўны кантроль над медыя-прасторай, але не зможа закрыць яе цалкам», – кажа Андрэй Бастунец.

Пасля допыту ў 2,5 гадзіны Алеся Ліпая адпусцілі з Фінансавага дэпартаменту, але каментаваць крымінальную справу ён пакуль не можа.

Яраслаў Сцешык belsat.eu