Аб'ектыў 11.07.2019 Заробкі беларусаў на траціну большыя за заробкі беларусак


Нягледзячы на тое, што мы, мужчыны, менш занятыя ў працы, зарабляем мы больш за жанчын. Белстат сцвярджае, што заробкі беларусаў амаль на траціну большыя за заробкі беларусак. У Міжнародны дзень народанасельніцтва разбіраемся, чаму гэтак адбываецца.

Беларускія жанчыны, падкрэслівае Нацыянальны статыстычны камітэт, у сярэднім працуюць штодзень на 40 хвілінаў менш, чымся мужчыны. Затое прыходзячы з працы дадому, амаль на дзве гадзіны больш працягваюць займацца хатняй гаспадаркай. Агулам жа, паводле звестак на снежань мінулага года, узровень занятасці мужчынаў складаў 82 адсоткі, жанчын – на 2 адсоткі больш, пры гэтым сярэдні заробак беларусаў перавышаў заробак беларусак больш як на 300 рублёў.

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка даследчага цэнтру «BEROC»:

«Адзін з адказаў, які ляжыць на паверхні, гэта нашая сямейная палітыка, якая актыўна кажа, што жанчына – гэта захавальніца агню ў першую чаргу, яна можа сысці ў дэкрэтны адпачынак».

Традыцыйна найменшы разрыў у заробках паміж жанчынамі ды мужчынамі назіраецца ў сельскай гаспадарцы, дзе заробкі адныя з самых малых у краіне. А вось найбольшы – у IT-галіне, дзе выплаты самыя вялікія. Алена Агарэлышава, якая займаецца гендарнымі даследаваннямі, падкрэслівае, што роўнасць у заробках варта вывучаць больш глыбока, чымся проста абапірацца на статыстыку.

Алена Агарэлышава, Еўрапейскі каледж LIBERAL ARTS у Беларусі:

«Розныя еўрапейскія кампаніі, калі пералічваюць заробкі, высвятляецца, што мужчыны зарабляюць менш у некаторых галінах. І гэта таксама працуе ў адваротны бок. Калі гэтая няроўнасць датычыць мужчынаў, значыць, мужчынам павышаюць заробкі».

Ці адчуваюць беларусы дыскрымінацыю жанчын у заробках, мы запыталіся на вуліцах Менску:

«Мне падаецца, усе мае знаёмыя жанчыны зарабляюць яшчэ больш, чым я. Я за іх кошт жыву».

«Наколькі нашыя жанчыны мацнейшыя за мужчынаў, нават прэзідэнт сказаў. А вы кажаце, яны менш зарабляюць».

«Пра свядомую дыскрымінацыю я б не казала. Я думаю, што такім чынам проста размяркоўваюцца традыцыйныя сацыяльныя ролі».

«Мужа я не магу ўгаварыць пайсці на бальнічны, хаджу сама. А праз тое, што пайшла – мінус прэмія. І ўсё. Атрымоўваецца, што заробак меншы».

Аднак, нягледзячы на вялікую розніцу ў аплаце працы – амаль на траціну – разрыў паміж заробкамі беларускіх мужчынаў і жанчын штогоду скарачаецца. Гэткая тэндэнцыя назіраецца і ў іншых краінах.

Віталь Бабін, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары