Запазычанасць беларусаў за паслугі ЖКГ расце як снежны камяк


У той час, як на самым высокім узроўні прызнаецца, што «камуналка» ў нас налічваецца ад балды, бадай, адзінае, што камунальнікі ўсё-ткі здольныя падлічыць – гэта памер запазычанасці беларусаў перад імі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, гэтая лічба расце літаральна як снежны камяк. І пагатоў – правакуе новыя запазычанасці.

«Камуналка» падае ў пазыковую бездань. Паводле парталу камунальнай пісьменнасці, толькі за тры месяцы гэтага года агульная сума нясплатаў грамадзянамі за паслугі ЖКГ вырасла амаль на 15 з паловаю адсоткаў і склала агулам каля 155-ці мільёнаў рублёў. Агулам жа рост запазычанасці за апошні год склаў няпоўныя 36 мільёнаў рублёў.

РОСТ ЗАПАЗЫЧАНАСЦІ НАСЕЛЬНІЦТВА ЗА ПАСЛУГІ ЖКГ:

СТУДЗЕНЬ-САКАВІК 2017 BR 119,2 МЛН

СТУДЗЕНЬ-САКАВІК 2018 BR 154,9 МЛН

«Наўрад ці нехта з сённяшніх экспертаў з дакладнасцю да адсотка скажа, колькі ж мы плоцім. І я думаю, што гэта не выпадкова. Таму што ў нас існуе рэальная манаполія дзяржавы на аказанне паслугаў, ацэнку іх якасці і цэнавай палітыкі. Манаполія напачатку года закладвае праз тарыфы свае страты, якія яна забірае з рэспубліканскага бюджэту паводле вынікаў фінансавага года. Таму колькі б мы ні плацілі, мы ўсё адно будзем вінаватыя», – кажа Уладзімір Навасяд з ІПУ «Эфектыўнае кіраванне будынкамі».

У выніку ж, растуць і запазычанасці ўласна камунальнікаў, якія, каб выплаціць сабе зарплаты, а таксама кампенсаваць іншыя выдаткі толькі ў першым квартале сёлета вымушана набралі крэдытаў больш як на 77 мільёнаў рублёў. (BR 177,2 МЛН).

«Галоўная прычына найперш – у жыллёвай палітыцы, якую сёння вядзе ўласна сама галіна. Яна зацікаўленая ў тым, каб мы былі ў яе пастаянна завінавачаныя. А калі мы будзем перад ёй пастаянна завінавачаныя, яна зможа ўсё больш залазіць у бюджэт», – адзначае Уладзімір Навасяд з ІПУ «Эфектыўнае кіраванне будынкамі».

Выйсце, паводле эксперта – у стварэнні на базе прыватызаванага жытла, якое ў нас складае ажно 94 адсоткі (94 %), юрыдычных асобаў – таварыстваў уласнікаў. То бок даць магчымасць людзям плаціць за рэальна спажытае, а не паводле налічаных кімсьці «ад балды» тарыфаў.

Між тым змагаюцца з запазычанасцю насельніцтва перад камунальнікамі ўлады састарэлымі сродкамі. Найперш як раз праз рост тарыфаў. Паводле разлікаў ураду, ужо ўлетку сёлета гэта мае прывесці да таго, што мы будзем аплочваць 100% усіх асноўных паслугаў ЖКГ акрамя цеплавой энергіі.

Другі шлях – бізун. Ужо ад пачатку наступнага года грамадзяне, якія трапяць пад дзеянне Дэкрэту №1, больш вядомага як абноўленага Дэкрэту аб дармаедах, будуць напоўніцу аплочваць гарачую ваду, а з кастрычніка – і газ ды цяпло.

«Няўжо «дармаеды» змогуць перакрыць – а іх усяго, як мы ведаем, 3-5 адсоткаў, паводле статыстыкі – тыя велізарныя запазычанасці, якія мае «нармальны» грамадзянін з прыбыткам і працаю па жыллёва-камунальнай гаспадарцы? Ды не! Акрамя сацыяльнай напружанасці анічога гэта не развяжа!» – кажа Уладзімір Навасяд.

І шлях трэці, з якога, зрэшты, варта было б пачынаць – гэта ашчаджэнне. Выдаткі на паслугі ЖКГ за першы квартал сёлета скараціліся на 5 з паловаю адсоткаў (-5,5 %) – пры запланаваных пяці ў межах дзяржпраграмы «Камфортнае жытло і спрыяльнае асяроддзе».

Валер Руселік, «Белсат»