Золатавалютныя рэзервы зніжаюцца паскоранымі тэмпамі. Што прыводзіць да вычэрпання запасаў і чаго чакаць ад сітуацыі ў эканоміцы на тле палітычнага крызісу.
Мінус два мільярды долараў з пачатку года. Хутчэй золатавалютныя рэзервы нашай краіны скарачаліся толькі на пераломе 2014 і 2015 года – у часе апошняй дэвальвацыі.
«Адна з прычынаў – гэта складаная эканамічная сітуацыя ў краіне, якая выкліканая відавочнымі палітычнымі праблемамі. Другая прычына – высокі попыт на валюту, які моцна праявіўся ў сакавіку, а яшчэ мацней – у жніўні», – тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары-Еўразія» Вадзім Іосуб.
У выніку золатавалютныя рэзервы знізіліся да сямі мільярдаў трохсот мільёнаў долараў. Гэта менш як 3 месяцы імпарту – велічыня, якую нацыянальныя банкі лічаць мінімальна неабходнай. Нацбанк планаваў, што да такога ўзроўню рэзервы сплытчэюць толькі ў снежні.
«Крэдыт, пра які ёсць дамоўленасць, можа падтрымаць золатавалютныя рэзервы і адтэрмінаваць патэнцыйны дэфолт як мінімум на паўгода. Прыгадаю, што Менск і Масква дамовіліся пра суму паўтара мільярда долараў», – кажа Вадзім Іосуб.
Расейскія грошы пойдуць на аплату даўгоў перад той жа Расеяй – тлумачыць эканаміст. Аднак даўгі – не адзіная праблема. Паводле Белстату, амаль 20 адсоткаў прадпрыемстваў у ліпені працавала са стратамі. Яшчэ 40 адсоткаў – з нулявым прыбыткам. Такой цяжкай сітуацыя зрабілася яшчэ перад пачаткам пратэстаў.
«Нязгода даволі вялікай часткі грамадства выражаецца ў даволі актыўных эканамічных дзеяннях. Людзі дастаюць свае грошы з банкаматаў, з дэпазітаў, набываюць валюту, не жадаюць купляць прадукцыю тых фірмаў, якія блізкія да ўлады», – пералічвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.
Калі ў ліпені і жніўні беларусы масава куплялі долары, то ў верасні набыццё валюты скарацілася ўдвая. Да чаго рыхтуюцца нашыя суайчыннікі ды што прадчуваюць?
«Лепш не стане. Курс не стабілізуецца, уводзяцца санкцыі».
«Інвестыцыяў укладваць сюды ніхто не будзе, пакуль не будзе яснага разумення і бяспекі не толькі для простых грамадзянаў, але і для людзей, якія вядуць бізнес».
«Вельмі шмат спецыялістаў, мае знаёмыя, з’яжджаюць з краіны. Шмат хто не ходзіць на працу – паказвае такім чынам сваю грамадзянскую пазіцыю».
«У нас усё ідзе добра, разам з прэзідэнтам!» – мяркуюць жыхары Менску.
Правесці новыя выбары і спыніць беззаконне сілавікоў – з такімі патрабаваннямі беларусы выходзяць на вуліцы гарадоў ужо два месяцы. Як паўплывае на пратэсты пагаршэнне эканамічнай сітуацыі?
«Як толькі ў нашай наэлектрызаванай атмасферы якое-небудзь прадпрыемства затрымае заробкі або знізіць заробкі супрацоўнікам, то гэтая сітуацыя можа стаць іскрай, якая тленне ператворыць у агонь. Людзі проста выйдуць і скажуць: так, мы не даціснулі ў жніўні-верасні, але з гэтай уладай у нас нічога не будзе, ніякіх перспектываў», – прагназуе Віталь Цыганкоў.
Глабальны каранцін і палітычная нявызначанасць – такія рызыкі для нашай эканомікі лічыць галоўнымі рэйтынгавае агенцтва «Standard & Poor’s». Паводле яго прагнозаў, па выніках года валавы прадукт Беларусі зменшыцца на 3 адсоткі.
Аляксандр Папко,
«Белсат»