Замежныя прэтэндэнты на «Оскар»


Сёлетні оскараўскі сезон быў самым кароткім за ўсю гісторыю вядомай кінаўзнагароды. З-за таго, што цырымонію перанеслі з канца лютага на яго пачатак, намінантаў таксама абвесцілі на два тыдні раней, чым звычайна. Агулам жа за галоўную кінапрэмію будуць змагацца 53 фільмы, якія разам атрымалі 124 намінацыі.

Рэжысёраў замежных фільмаў, намінаваных на прэмію «Оскар», папарацы захапілі за некалькі дзён перад цырымоніяй узнагароджання. Іспанію рэпрэзентуе аўтабіяграфічны фільм рэжысёра Пэдра Альмадовара «Боль і слава».

«Летась я прасоўваў фільм паўсюль. Я бачыў яго ў Іспаніі, дзе прайшла яго першая прэм’ера, рэакцыя была ўсюды падобная. Гэта заўсёды таямніца, калі нешта падобнае робіцца ўніверсальным. І вы не ведаеце, як і калі гэта адбудзецца. Гэта заўсёды цуд», – распавёў рэжысёр.

Фільм таксама атрымаў першы «Оскар» за галоўную мужчынскую ролю, якую выканаў Антоньё Бандэрас:

«Калі я атрымаў сцэнар, было страшна. Гэта адрознівалася ад іншых сцэнароў. Але пазней было ўсё проста. Можа, таму, што я граў alter ego рэжысёра. Вы ведаеце, ён адкрыў сваё сэрца – і менавіта ад гэтага я атрымаў эмацыйную інфармацыю, якая прымусіла мяне сыграць характар такім чынам».

Французская кінакарціна «Адрынутыя» расказвае пра сына імігранта з Малі. Фільм натхнёны закалотамі 2005 года ў шматнацыянальным працоўным раёне Парыжу.

«Што ж, пакута мае міжнародны характар, таму шмат людзей змогуць пазнаць сябе ў гэтым фільме, хай гэта будзе ў Бразіліі, Паўднёвай Амерыцы ці Еўропе – усё адно. І праблема гвалту з боку паліцыі таксама міжнародная», – пракаментаваў свой твор Лядж Лі, рэжысёр фільму «Адрынутыя».

Польскі фільм «Цела Божае» – драма пра маладзёна з крымінальным мінулым, які пазней выдае сябе за святара і дапамагае сельскім жыхарам.

«Калі я думаю, што фільм «Цела Божае» стаў прызнаным, я думаю, што гэта таму, што ён расказвае гісторыю пра чалавека, які хоча як бы аб’яднаць людзей. Асабліва цяпер, у вельмі палярызаваных таварыствах, якія мы маем у шмат якіх краінах – Польшча не выключэнне. Я бачу, што гэта адбываецца і тут, у Амерыцы», – сказаў рэжысёр фільму Ян Камаса.

Фільмы з Іспаніі, Францыі, Паўночнай Македоніі і Польшчы намінаваныя ў катэгорыі, якая раней называлася «Найлепшы фільм на замежнай мове». Сёлета яе замянілі на «Найлепшы міжнародны фільм», каб адлюстраваць больш інклюзіўны падыход да фільмаў, знятых за межамі Галівуду. Узнагароды «Оскар-2020» уручаць у ноч на 10 лютага.

Адэля Вольская belsat.eu