Замест жаночых маршаў – жалоба


Так выглядае суботні праспект Незалежнасці ў сталіцы. На вуліцах шмат супрацоўнікаў АМАПу ды ўжо амаль звыклых міліцэйскіх бусаў, якія патрулююць горад. Кропкавыя затрыманні за нацыянальную сімволіку мы бачылі двойчы. Дзяўчат ля «Дана Мол» затрымалі за сцяг, жанчыну каля плошчы Перамогі – за бел-чырвона-белы парасон. Мы праехалі ўвесь праспект Незалежнасці ды месцы, дзе раней праходзілі маршы.

У гэтую суботу ўсё выглядае інакш. А 14-й гадзіне дня там, дзе раней збіраліся людзі, – пуста.

Чаму няма звыклых масавых суботніх маршаў?

«Сёння мы смуткуем яшчэ, а заўтра выйдзем. Усе выйдзем, нас будзе шмат», – кажуць мінакі.

«На заўтра рыхтуемся. І пасля ўсіх гэтых вялікіх затрыманняў, па 200, па 300 чалавек, выпадаюць актыўныя дзяўчаты».

«Усе прыходзяць у сябе і рыхтуюцца да заўтрашняга дня».

«Змяніліся абставіны, змяніўся парадак дня, мы ўсе перажываем цяпер глыбокае гора».

Асноўная актыўнасць сёння – на плошчы Пераменаў. Нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е людзі ідуць з самай раніцы. З кветкамі і слязьмі. Плошчай пераменаў называюць двор, дзе жыў забіты Раман Бандарэнка. Людзі стварылі тут народны мемарыял, які наведваюць не толькі менчукі, але і беларусы з іншых гарадоў.

Наведнікі мемарыялу кажуць:

«Балюча, жудасна, немагчыма проста зачыніцца і не думаць пра гэта. Немагчыма працаваць, немагчыма рабіць нейкія справы. І таму я тут».

«Людзі са слязамі на вачах прыходзяць на гэтыя месцы, вы ведаеце, нельга сказаць… Вышэйшай подласці няма перад народам беларускім».

«Я смуткую, я шкадую гэтага хлопца, якому быў 31 год. Ён выйшаў, і яго забілі».

Стыхійныя мемарыялы памяці Рамана Бандарэнкі ствараюць у розных частках гораду і краіны. Некаторыя з іх не жывуць доўга, іх прыбіраюць невядомыя і камунальнікі, выкідаюць кветкі ды знічы ў смецце. А ў Бабруйску на плошчы Перамогі каля мемарыялу памяці забітага хлопца прайшоў канцэрт.

Алена Дубовік, «Белсат»