Аб'ектыў 28.04.2019 Замест «казінага маста» – дапамога дзіцяці


Вілейка страціла гарадскую народную рэліквію: у горадзе больш не будзе «Казінага маста«. Мост праз раку Вяллю для людзей і жывёлы спрабавалі аднавіць грамадскія актывісты. Але сабраных грошай на будаўніцтва не хапіла, таму сродкі накіравалі сям‘і хворай на анкалогію дзяўчынкі.

У сям’ю Костка вялейчукі прынеслі лекі, прадукты харчавання, цацкі: дапамога патрэбная 5-гадовай Соні, якая хварэе на цяжкую форму анкалогіі. Маці дзяўчынкі Наталля Костка кажа, што не спадзявалася на такую дапамогу – ад дзясяткаў незнаёмых людзей.

«Гэтаму няма слоў! Дзякую ўсім жыхарам Вялейкі, дзякую Віталю Малышу, Чырвонаму крыжу – усім агромісты дзякуй, што адклікнуліся на нашую бяду», – распавяла Наталля Костка, маці Соні.

З дзвюх тысячаў рублёў, сабраных на будову «Казінага маста«, на дапамогу Соні пайшло 85 %, рэшту вырашылі выдаткаваць – на падтрыманне бадзяжных жывёлаў. Грошы размяркоўвалі праз галасаванне ў сацыяльных сетках, якія арганізавала мясцовая актывістка Юлія Ветрава.

«Малайцы вілейчукі – вельмі прыемна. Што напачатку тычылася мастка – адгукнуліся – сабралі дзве тысячы. Спатрэбілася дапамога – таксама, да таго ж мы яшчэ і тыднёвы марафон абвесьцілі. Спадзяёмся, што будуць дапамагаць», – кажа Юлія Лахвач, грамадская актывістка.

«Казіны мост» некалі злучаў ускраіну Вялейкі і паплавы праз раку Вяллю. Мясцовыя жыхары ганялі туды пасвіць коз, хадзілі вудзіць рыбу, збіраць ягады і грыбы. З часам мост спарахнеў і аднавіць гарадзкую рэліквію наважыліся неабыякавыя вялейчукі

Вяляйчук Віктар Малыш першым заклікаў скласціся на «Казіны мост», усталяваўшы ў гарадзкіх крамах скрынкі для збору грошай. За два гады вілейчукі сабралі амаль дзве тысячы рублёў, аднак аднавіць «Казіны мост» так і не ўдалося, чаго мясцовыя жыхары вельмі шкадуюць.

«Канечне, шкадуем. Каб у лес пайсці, дык трэба вунь на той Маладзечанскі мост ісці. І грошы людзі збіралі, каб гэты мост зрабіць. Але ўлады. Напэўа, ня вельмі зацікаўленыя, каб гэты мост быў».

Вялейчукі збіраліся набыць патрэбныя матэрыялы і збудаваць новы мост паводле заўсёднай традыцыі – уласнымі рукамі. Але мясцовыя ўлады самабуд не дазволілі, а на аплату працы бадаўнічым арганізацыям сабраных грошай не хапае ў разы. Гэтак ня спраўдзілася мара захаваць традыцыю, кажа актывіст.

«Сумна, што заканадаўчая база не дазваляе нам зрабіць наш мост. Самабуд у нас забаронены, а пайсці іншымі шляхамі –не дазваляюць сродкі. Сумна на душы, што хочаш зрабіць добрую справу, але не атрымоўваецца», – кажа Віктар Малыш, жыхар Вялейкі.

«Казінага маста» у Вялейцы пакуль ня будзе, але вялейчукі кажуць, што не губляюць спадзявання на яго аднаўленне.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары