Захад дапаможа парваць з Расеяй


З ЗША ў Беларусь праз Клайпеду… Літва рыхтуецца адчыніць нашай краіне сусветны рынак энерганосьбітаў. А Амерыка не супраць пастаўляць у нашую краіну свой газ. Ці рэальныя гэтыя планы?

Асноўнаю задачаю года канцэрн «Белнафтахім» лічыць пошук розных пастаўляльнікаў нафты. Расейскую, якая пакуль абяцаная і без цаны, троху разбавіць нарвежская – 80 тысяч тонаў праз Літоўскі порт Клайпеда. Праз гэты ж порт – можам атрымліваць энерганосьбіты з Паўночнай Амерыкі, паведаміў амбасадар ЗША ў Літве Робэрт Гілкрыст:

«Я быў бы рады бачыць, як праз Клайпеду перавальваецца [з ЗША – рэд.] звадкаваны прыродны газ, які трапляў бы на рынак Літвы, а, магчыма, і ў Беларусь».

Пасол уздыме яе пад час сустрэчаў з урадам Літвы. Эканаміст Яраслаў Раманчук супраць набывання газу толькі ў «Газпраме», але за асцярожныя рашэнні:

«Трэба лічыць, у колькі гэта абыдзецца для Беларускіх вытворцаў і хатніх гаспадарстваў. Таму калі эканамічная прапанова ЗША абыдзецца нам у дадатковы мільярд долараў на год – я думаю, трэба пачакаць».

Палітолаг з Літвы Лінас Каяла, перакананы, што сусветны рынак прапануе Беларусі прымальны кошт:

«Мы маем магчымасці пастаўляць звадкаваны газ у Беларусь з 2015 года, але толькі цяпер з’явіліся палітычныя ўмовы для канкрэтнай размовы. Хоць Заходнія кошты не наблізяцца да Газпрамаўскіх, але закуп часткі газу адсюль – можа стацца добраю падушкаю бяспекі для Беларусі».

Канкрэтных дамоваў па альтэрнатыўнай нафце з ЗША (праз літоўскую браму) таксама няма – запэўніў сёння намеснік прэм’ера Беларусі Дзмітрый Крутой. Аднак згодна з крыніцамі шэрагу Заходніх медыяў, як «Тhe Daily Beast» 18 мільёнаў барэляў (ці 2,5 мільёны тонаў) – ужо падпісаны кантракт паміж Беларускай нафтавай кампаніяй і нафтагандлёваю фірмаю з Паўночнай Дакоты. Палітолаг Вольга Харламава заўважае:

«Любыя спробы Беларусі пераскочыць на іншыя крыніцы пастаўкі альбо нафты, альбо газу, безумоўна, выклікаюць у Расеі далёка не станоўчыя эмоцыі, бо пакуль Беларусь завязаныя на Расейскія энерганосьбіты, яна завязаная на Расею».

Калі Лукашэнка захоча разрыву з Расеяй – Захаду трэба яму дапамагчы – заклікае рэдакцыйны артыкул выдання «The Washington Post»:

«Спадар Лукашэнка супраціўляецца, заяўляючы, што не хоча быць «апошнім прэзідэнтам Беларусі». Хоць Лукашэнка не надта прывабны для Захаду партнёр, але ягоныя спробы захаваць сваю краіну заслугоўваюць падтрымання».

Ці хочуць беларусы прыняць дапамогу з-за акіяну, разважаюць менчукі:

«Чаму б і не, можа гэтак будзе лепш, дапамога нам ніколі не зашкодзіць».

«Безумоўна. Гэта адзіная краіна з якою можна сябраваць».

«Сябраваць трэба а газ набываць – я супраць».

Палітычнае падтрыманне Захаду распачалося летась – у год паглыбленай інтэграцыі Менск-Масква. У разгар інтэграцыйнага крызісу дзяржсакратар ЗША наведаў Беларусь:

«Нашыя вытворцы энергіі гатовыя пастаўляць 100 адсоткаў нафты, якая вам патрэбная, паводле канкурэнтных цэнаў. Мы найбуйнейшы вытворца энергіі ў свеце. Усё што вам трэба, гэта паклікаць нас».

У адсутнасць паставак з Расеі кіраўнік Беларусі загадваў спраўдзіць усе магчымыя варыянты дыверсіфікацыі імпарту нафты і газу. Перашкодаю ў закупах нафты з ЗША застаюцца санкцыі супраць прадпрыемстваў «Белнафтахіму», зняцце якіх – толькі праз дэмакратызацыю. На коне ж з Расеяй – стаіць Незалежнасць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»