Аб'ектыў 11.04.2019 Загінула 15 чалавек, а вінаватых пакаралі смерцю. Мінула 8 гадоў пасля тэракту ў менскім метро


Афіцыйна вінаватых хутка знайшлі, хутка расстралялі ды знішчылі рэчавыя доказы. Аднак дагэтуль у беларусаў застаецца шмат пытанняў да дзеянняў уладаў у справе аб тэракце. Вольга Чайчыц.

11 красавіка 2011 года а 17:56 на платформе станцыі метро «Кастрычніцкая» выбухнула бомба.

«Усе людзі ляжаць, рванае жалеза, бітае шкло, раскіданыя рэчы, торбы, ляжаць мёртвыя, жывыя, я ж вельмі блізка быў ад эпіцэнтру, і паветра няма. Кісларод увесь знік», – успамінае пацярпелы ад выбуху ў метро Ігар Тумаш.

У выбуху загінулі 15 асобаў, 387 атрымалі раненні. Кожны год сюды, да станцыі метро «Кастрычніцкая», беларусы нясуць кветкі.

Праз дзень пасля тэракту арыштавалі Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны Суд прыгаварыў абодвух да смяротнага пакарання без права на абскарджанне. У сакавіку 2012-га іх расстралялі. Галоўным доказам сталіся паказанні Канавалава падчас папярэдняга следства. Кавалёў на судзе заявіў, што прызнальныя паказанні былі зробленыя пад ціскам, і адмовіўся ад іх. Тым не менш суддзя ўзяў менавіта іх за аснову.

«Доказы збянтэжылі. Па-першае, відэаздымка ўся скаапераваная, парэзаная, мутная, былі ў нас сумненні, што гэты чалавек падобны да Канавалава. Таксама выклікала сумненне, што ў хлопцаў, ні ў аднаго, ні ў другога, не знайшлі рэчываў, якія павінныя былі захавацца, выбуховыя рэчывы на целе, на вопратцы», – распавядае Алег Волчак, «Прававая дапамога насельніцтву».

На допытах Канавалаў паўтараў, што арганізаваў тэракт з мэтаю, цытата «дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Такую ж фармулёўку можна знайсці і ў Крымінальным кодэксе. Да таго ж было шмат пытанняў да вырабу бомбы.

«Сама бомба ўнікальная была, яе рыхтавалі спецыялісты. І я думаю, што больш гэта вайсковыя спецыялісты, у каго ёсць адукацыя, закладка, сам стыль выбуху», – кажа Алег Волчак.

Пасля расстрэлу сацыялагічныя апытанні ўпершыню паказалі, што большасць беларусаў выступае супраць смяротнага пакарання.

«Грамадства не давярала вынікам судовага паседжання, і таксама грамадства не атрымала адказаў на тыя пытанні, якія ўзнікалі. І тое, як адбывалася, вельмі хутка, прывядзенне ў выкананне смяротнага прысуду, тры месяцы, нават трохі менш, тое, што потым вельмі хутка было прызначанае знішчэнне доказаў у гэтай справе, гэта таксама толькі падымала шмат якіх пытанняў», – гаворыць Андрэй Палуда, «Не – смяротнаму пакаранню!»

Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў, што следства праводзілі са шмат якімі памылкамі, у дачыненні Кавалёва ўжывалі фізічную сілу і прымус, суд не быў бесстароннім, і было парушанае права на жыццё. Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзілі расстрэл ды заклікалі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Але дагэтуль Беларусь застаецца адзінаю краінай у Еўропе, дзе ад імя дзяржавы забіваюць.

Вольга Чайчыц, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары