Задай пытанне Лукашэнку – такую акцыю запусціла дзяржаўнае агенцтва БелТА


Кожны ахвотны можа даслаць сваё пытанне або просьбу, а ў агенцтве абяцаюць агучыць найбольш важнае 1 сакавіка на сустрэчы з кіраўніком краіны. Мы не сталі чакаць пятніцы і вырашылі ўжо цяпер даведацца, пра што б беларусы спыталі ў Лукашэнкі.

«Калі заробак будуць падымаць?»

«Колькі ён яшчэ будзе прэзідэнтам?»

«Якія ў прэзідэнта ёсць планы, каб падымаць культурную адукацыю ў краіне?»

«І заробкі, і праца – бо няма працоўных месцаў».

«Ці будзе пры маім жыцці ў нас іншы прэзідэнт?», – спыталі б жыхары Гомля.

Але ўваход на «вялікую размову» толькі паводле запрашэнняў. Журналісты «Белсату» таксама падалі запыт, пакуль адказу не атрымалі. Ці дасць кіраўнік краіны адказы аб актуальных праблемах – пытанне адкрытае.

«Ён ведае найбольш балючыя кропкі і пункты грамадскай думкі і сітуацыі. Ён рыхтуецца да гэтага. Бывае, што яго заносіць – гэта праўда. Але не трэба думаць, што ён не разумее, пра што ён адказвае. Іншая справа, што ён можа свядома дурыць мазгі…» – кажа Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг.

Адмыслоўцы адзначаюць, што рэгулярныя звароты да народу – як раз у найлепшых папулісцкіх традыцыях гэткіх рэжымаў.

Аднак на такіх імпрэзах важна не толькі тое што кажуць, а тое, ці пачуе пытанні ды просьбы журналістаў і грамадскасці галоўны герой размовы. Каб не выйшла, як у байкапісца Крылова: «а Васька слушает, да ест». Ды не толькі есць, а яшчэ і іншых спакушае! Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Давайце мы вам свежага чаю. З малінавым варэннем ёй, каб не прастыла, чай! Хай паспрабуе мой любімы чай».

Дык ці прыслухоўваецца Лукашэнка да словаў грамадзянаў? Жыхары Менску адказваюць:

«Прыслухоўваецца, напэўна, чуе, але зменаў я, шчыра кажучы, не бачу».

«Наўрад ці. Таму што ён султан».

«Ён прыслухоўваецца, але робіць, як яму будзе выгадней і спадручней».

«Вядома, так бы ён не сустракаўся ні з кім. І ўсе пытанні, якія падымаюцца, ён развязвае».

«Ні да чаго ён не прыслухоўваецца. І яму ўвогуле даўно час нікому не верыць».

Палітыкі практычна ў кожнай краіне даюць справаздачы аб сваёй дзейнасці: парламенту, медыям, выбарцам. Як у рэгламентаваных, кшталту сустрэчаў, гэтак і ў адвольных формах. Гэтак, Доналд Трамп пра тое, што ён робіць, плануе або думае, штодня піша ў Тўітэры.

«Наш прэзідэнт за 25 гадоў ніколі не даваў справаздачы. Сустракаецца ён вельмі часта – нават калі не раз на год, але выступае па тэлебачанні і гэтак далей. Але ўсе ягоныя выступы, размовы ператвараюцца ў замбаванне, прапагандаванне, нейкую накачку, а не справаздачы», – каментуе філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Такая форма камунікацыі, на меркаванне экспертаў, даволі тыповая для аўтарытарных лідараў. Аднак яе эфектыўнасць у часы інтэрнэту ды сацыяльных медыяў як мінімум выклікае сумневы.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu