Забойца прасіў суд захаваць яму жыццё, каб сплочваць грошы сем'ям загінулых


На выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску асудзілі на смерць мясцовага жыхара Аляксандра Асіповіча. Паводле абвінавачання 36-гадовы бабруйчанін з асабліваю жорсткасцю забіў дзвюх жанчын летась 20-га ліпеня.

Напярэдадні ўвечары мужчына піў з імі алкагольныя напоі, потым уся кампанія паехала да яго дадому, дзе раніцай ён нанёс жанчынам нажом і малатком агулам каля сотні ўдараў.

Жанчыны схаваліся ў ванным пакоі, спрабавалі дазваніцца ў міліцыю, але не змаглі назваць правільнага адрасу. Пасля забойства злачынец збіраўся расчляніць целы жанчын і схаваць парэшткі.

За двайное забойства пры абцяжарвальных абставінах найвышэйшую меру пакарання запатрабавала пракурор: на ейную думку Асіповіч не здольны выправіцца ў месцах пазбаўлення волі. Смерці для вінаватага прасілі і маці ахвяраў.

«Я лічу, што гэта неабходна. Бо кожны мае ведаць, што ён атрымае напоўніцу за сваё злачынства. У ягонае раскаянне я зусім не веру, бо я бачыла, як ён паводзіўся да таго. Калі ён нават падаваў на мяне ў суд, што я нападаю на яго, на ягоных бацькоў. А хто ён ёсць? Забойца, маньяк, чыкаціла», – заявіла Ніна Клімава, маці забітай Алесі Клімавай.

Аляксандр Асіповіч раней чатыры разы быў асуджаны за хуліганства, рабаванне, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, агулам ён правёў у месцах пазбаўлення волі больш за адзінаццаць гадоў. Адвакат абвінавачанага адзначыў, што змякчальным фактарам была яўка з пакаяннем, і звярнуў увагу на паводзіны ахвяраў, якія прыйшлі ўначы ў кватэру да незнаёмага мужчыны. Сам абвінавачаны віну прызнаў, раскаяўся ў здзейсненым і папрасіў захаваць яму жыццё, каб мець магчымасць сплочваць грошы сем’ям загінулых. Смяротны прысуд ён збіраецца абскарджваць у Вярхоўным Судзе.

За гады незалежнасці ў Беларусі агучылі больш за 300 смяротных прысудаў, летась пакаралі смерцю чатырох чалавек. Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер у камеры смяротнікаў утрымліваюцца двое асуджаных.

Ірына Дарафейчук, «Белсат».