Аб'ектыў 19.06.2019 Забастоўка на заводзе «Праммеханіка»: рабочыя спынілі працу


Забастоўка на прадпрыемстве. Драматычная сітуацыя на заводзе «Праммеханіка» у Гатава Менскай вобласці. Працаўнікам не плацілі заробкі больш за 2 месяцы. Некаторыя запазычанасці сягаюць 2-3 тысяч рублёў. Ад панядзелку рабочыя спынілі працу.

Гатава пад Менскам. Тут людскія драмы давялі да адчаю і страйку на заводзе «Праммеханіка». Слесар Мікалай Ламбоцкі кажа:

«Мы паабяцалі, што мы не будзем працаваць, пакуль нам грошы не заплоцяць. І вось сёння першы дзень пачалі працаваць. Яны павінныя сваё абяцанне стрымаць, выплаціць нейкія грошы».

«А калі не выплацяць?»

«Я не ведаю тады, што будзе. Я звольнюся. Скажу за сябе, за рэшту не скажу нічога».

Звальняюцца і іншыя. Як распавёў радыё «Свабода» працаўнік адміністрацыі «Праммеханікі», са 100 работнікаў звольніўся ледзь не кожны пяты.

Гатава – гэта паселішча за 8 кіламетраў ад менскай кальцавой. Таму людзі шукаюць лепшае долі ў сталіцы. Яўген Косараў, ахоўнік-вахцёр:

«Хацелася б, каб плацілі, і плацілі хаця б больш-менш стабільна. Да гэтага было больш-менш стабільна, былі затрымкі нязначныя, а цяпер ужо два з паловай месяцы – гэта ўжо вельмі шмат, таму людзі разбягаюцца, натуральна».

А адміністрацыя абяцае. Былі і чыноўнікі з аблвыканкаму. На нашыя званкі на заводзе не адказваюць.

Завод «Праммеханіка» вырабляе прамысловае абсталяванне. Са словаў рабочых, затрыманне выплатаў тлумачыцца запазычанасцю кліентаў. А вось сярод партнёраў заводу называюцца «Беларуськалій», «Мазырсоль», «Граніт», «Пінскдрэў», «Івацэвічыдрэў» ды іншыя.

Аднак з сакавіка на «Праммеханіцы» заробкі затрымліваюць ці плоцяць часткамі. Выданне «Беларускі партызан» гаворыць пра падобную праблему і на барысаўскім заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік».

Лідар Незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч:

«Тое, што атрымалася ў Гатаве, яно можа заўтра атрымацца і ў любым рэгіёне. Таму што і статыстыка паказвае, што не ўсе ў свой час выплачваюць заробак. І я лічу, што гэта не толькі праблема кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў, а праблема той эканамічнай сітуацыі, у якой працуюць сёння прадпрыемствы».

На «Праммеханіцы» прафесійнага саюзу няма. А таксама няма і веры, што калі б ён быў, то на нешта б уплываў. Дапамогаю можа стаць прафсаюз незалежны. Тым больш, як мяркуе Генадзь Фядыніч, праблемы будуць толькі нарастаць:

«Калі, кіраўнікі, вы не можаце працаваць у гэтым стане, дык збярыцеся і скажыце: «Аляксандр Рыгоравіч, мы не можам працаваць больш, мы закладнікі сістэмы, а за намі – закладнікі рабочыя. Больш мы так не можам». Што, не хапае сказаць праўду? Тады закладнікі – рабочыя. Рабочыя гавораць цяпер праўду: «Мы працаваць больш за бясплатна не будзем!»

Бо ад працы без заробку апускаюцца рукі ды наварочваюцца слёзы. Размаўляем з Верай Розум, прыбіральніцай:

– Крыўдна, што працуеш, а заробку не даюць увогуле – за сакавік, красавік, травень ужо адпрацавалі. Дзіця ў садзік ходзіць, а за намі доўг вісіць.

– Што сказалі ў садзіку?

– Пачакаюць яшчэ.

– Колькі яны могуць чакаць?

– Будзе судовы выканаўца ўжо потым вырашаць. Гэта ж, разумееце самі, райвыканкам, і ўсё ідзе ў садзік з райвыканкаму.

– А вы сказалі ж, што не плоцяць заробак?

– Так. Вось з мужа заробка вылучыла, нейкую частку заплаціла. А 100 рублёў вісіць яшчэ. А дзіцёнку ў школу ісці ў верасні.

– А што начальства кажа?

– Чакайце, будзе.

Але колькі чакаць і ці дачакаешся ўвогуле – адказу няма.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары