За што ў Бярозаўскім раёне звольнілі дырэктараў чатырох школаў?


Звальненне дырэктараў у раёне звязваюць з іхнаю палітычнаю пазіцыяй. Іншых прычынаў сыходу кіраўнікоў сярод навучальнага года не знайсці: усе педагогі – з добраю рэпутацыяй.

Звольненая дырэктарка Бярозаўскай базавай школы Іна Жуковіч сёлета была старшынёю выбарчага ўчастку, дзе большасць галасоў атрымаў не Лукашэнка.

«Афіцыйныя назіральнікі, якія былі на выбарчым участку, сказалі, што перамог Лукашэнка, і называлі лічбы. А назаўтра вывешаны быў пратакол, у якім перамагла Ціханоўская. Каторы, на дзіва, можна было сфатаграфаваць. Бо на астатніх участках, дзе вывесілі пратаколы, можна было зняць копію, але не фотаспосабам», – расказвае незалежны назіральнік Сяржук Русецкі.

Удвая больш галасоў за Лукашэнку набрала Ціханоўская і на ўчастку, дзе старшынёю была Святлана Карповіч – звольненая дырэктарка сярэдняй школы № 3 Белаазёрску.

На тэрыторыі Здзітаўскай школы выбарчага ўчастку не было, але Віталь Жуковіч, звольнены ўчора дырэктар гэтай установы, уваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі.

«Ён такі нязручны чалавек, бо чалавек, які прапануе нейкія ідэі, не проста прапануе, а рэалізуе іх і мае поспех, ён непадкантрольны. А ўладзе патрэбныя людзі зразумелыя і прадказальныя», – лічыць маці вучня Здзітаўскай школы Алеся Івашкевіч.

Віталь Жуковіч быў дырэктарам чатырнаццаць гадоў. За гэты перыяд школа не раз была на раённай дошцы гонару, тут зрэалізавалі некалькі інавацыйных праектаў у адукацыі. Бацькі лічаць, што без гэтага дырэктара школа перастане існаваць.

Менавіта бацькоўская супольнасць і разгарнула кампанію на падтрыманне звольненых дырэктараў.

«Я атрымала такую інфармацыю, што быў збор дырэктараў школ на раённым узроўні, і быў такі момант, калі папрасілі выступіць ды пракаментаваць падзеі, і ніхто не сабраўся ўстаць і сказаць нават слова», – расказвае Алеся Івашкевіч.

Рыхтуючы сюжэт, мы пагутарылі з шэрагам педагогаў розных школаў, але адкрыта выказацца пра сітуацыю адмовіліся ўсе, не зважаючы на абурэнне звальненнямі.

«У настаўнікаў цяпер праверкі. І пажарныя, і санстанцыя, і РАА, проста каб знайсці нейкія зачэпкі. Могуць звольніць любога. Пры гэтых заўвагах школу не павінны былі адкрываць у верасні, калі падпісвалі паперы пра гатовасць», – на ўмовах ананімнасці расказала настаўніца школы, дзе звальняюць дырэктара.

Адзіны дырэктар, які адмовіўся пісаць заяву на звальненне і застаецца ў статусе кіраўніка, – Мікалай Жуковіч з сярэдняй школы № 1 Бярозы. Там быў выбарчы ўчастак, старшынёй якога была завуч.

«Хоць не ўдзельнічаў, але прасіў лічыць сумленна настаўнікаў. Але яны яго не паслухалі, палічылі, як сказалі ў райвыканкаме», – узгадвае настаўніца школы, дзе звальняюць дырэктара.

Большасць галасоў тут сапраўды набраў Лукашэнка, а ў дзень выбараў каля школы працаваў АМАП. Мікалай Жуковіч ніколі не быў чальцом выбарчых камісіяў, менавіта з гэтым і звязваюць у раёне ягонае звальненне. Дырэктар ад каментароў адмаўляецца, паводле нашай інфармацыі, ён напісаў некалькі скаргаў у пракуратуру і спадзяецца, што пытанне пра звальненні перагледзяць.

«Я не хацеў бы пакінуць сваю родную школу, якой аддаў столькі гадоў жыцця. 26 гадоў, 27-ы ідзе. Ну і ўсё, увесь мой каментар. Пакуль вялікае пытанне, што далей будзе», – кажа Мікалай Жуковіч, дырэктар сярэдняй школы № 1 Бярозы.

Мікалай Жуковіч вядомы далёка за межамі Бярозаўшчыны, ён аўтар метадычных дапаможнікаў і падручнікаў, атрымаў званне «Выдатнік народнай асветы».

«Нельга звальняць з пасады. Гэта будзе памылка, якую не паправіць. Ён сапраўдны кіраўнік, добры настаўнік, ён метадыст. Яго паважаюць. Як так, за што звальняюць? Ніхто не можа на гэта даць адказу», – лічыць настаўніца і былы завуч СШ № 1 Надзея Юркевіч.

Паспрабавалі даведацца аб прычынах звальненняў дырэктараў у начальніка аддзелу адукацыі.

«Не ведаю, хто вам такое кажа, я не ведаю, а вы ведаеце.

– У сэнсе, вы не ведаеце: вы ж начальнік аддзелу адукацыі?

– Усё, давайце, жанчына, без каментароў», – адказаў кіраўнік аддзелу адукацыі Бярозаўскага райвыканкаму Аляксандр Шымчук.

З учора тры дырэктары ўжо афіцыйна звольненыя, а на падтрыманне Мікалая Жуковіча сабралі больш за 1300 подпісаў.

Алена Дубовік «Белсат»