Аб'ектыў 12.09.2019 За што белсатаўцаў адзначылі на конкурсе «Вольнае слова»?


Вольнае слова – ці ёсць яно ў Беларусі? Дакладна ёсць такая прэмія, якая адзначае незалежных журналістаў за іх высілкі і спробу данесці да жыхароў краіны праўдзівую інфармацыю. Сёлета трое нашых калегаў атрымалі ўзнагароды Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на конкурсе «Вольнае слова».

21 намінант з 14 выданняў у шорт-лісце – Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі конкурсу «Вольнае слова». Узнагароды ў творчым конкурсе атрымалі і трое журналістаў «Белсату». Станіслаў Івашкевіч здабыў 2-е месца ў намінацыі «Журналісцкае расследаванне» за праект «Як энергетыкі распільваюць грошы на ачыстку кацельных».

«Гэта ўзнагарода ўсёй камандзе «Давайце разбірацца» – праграме журналісцкіх расследаванняў, якая выходзіць што два тыдні на Белсаце», – адзначае Станіслаў Івашкевіч.

Трэцім месцам у намінацыі «Інфармацыйныя жанры» узнагародзілі Насту Рэзнікаву і Ірыну Арахоўскую за спецпраект «Альманы. Балоты пад пагрозаю», які распавядае пра знішчэнне ўладамі Беларусі Альманскіх балотаў на Палессі.

«Вельмі прыемна, што на такіх конкурсах адзначаюцца экалагічныя матэрыялы, бо звычайна больш важнымі лічацца карупцыя ці здароўе ці правы чалавека, але захаванне біяразнастайнасці не менш важная праблема», – падкрэслівае Наста Рэзнікава.

Сярод пераможцаў конкурсу ў пяці намінацыях – Дзяніс Марціновіч, Аляксандр Класкоўскі, Арцём Гарбацэвіч, Святлана Курс і Уладзімір Крыўчэня.

Сёлета ў штогадовым конкурсе «Вольнае слова», які ладзіць БАЖ, узялі ўдзел больш за 200 працаў. На думку старшыні журы Юрыя Карманава, конкурс адлюстроўвае праблемы, што найбольш хвалююць грамадства:

«Гэта і тэма Курапатаў, гэта тэма карупцыі ў ЖКГ, карупцыі ў войску, вельмі складаная тэма інвалідаў, тэма эўтаназіі, тэма спаленых вёсак у часе другой сусветнай вайны, гэта самы шырокі спектр тэмаў, якія амаль не абмяркоўваюцца ў дзяржаўных медыях Беларусі».

Адметнасцю сёлетняга конкурсу Юрый Карманаў лічыць недастатковую колькасць працаў у галіне аналітыкі. Але ўсе пераможцы ў намінацыі «Дэбют» – з рэгіёнаў, а гэта азначае, што ў беларускай журналістыкі добрая будучыня, падкрэслівае старшыня журы.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Траіх журналістаў «Белсату» ўзнагародзілі на конкурсе «Вольнае слова»

Глядзі таксама
Каментары