За што агітуюць кандыдаты ў прэзідэнты Украіны?


Без агітацыі, дэманстрацыяў і публічных ацэнак кандыдатаў. Сёння ва Украіне – дзень цішыні, бо заўтра мае адбыцца першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Палітыкі маўчаць, а народ думае, за каго з амаль чатырох дзясяткаў кандыдатаў аддаць свой голас. Прозвішчы і планы тройкі лідараў нагадае Сцяпан Святлоў.

Парашэнка, Зяленскі або Цімашэнка. Адзін з іх, імаверна, стане або працягне быць прэзідэнтам Украіны, два – выйдуць у другі тур, а ўсе разам – пакуль застаюцца лідарамі гонкі за першую ў краіне пасаду. Ды ўсе трое адмовіліся ад удзелу ў тэледэбатах, што мелі адбыцца напярэдадні.

«Украіна абірае змены», – упэўнена заяўляе Юлія Цімашэнка, якая ў вялікай палітыцы – з 97-га. Ейны план – вярнуць акупаваныя тэрыторыі ваенна-дыпламатычным шляхам, зліквідаваць кланава-алігархічную сістэму, зменшыць тарыфы на газ, падтрымаць малы бізнес ды развіваць аднаўляльную энергетыку.

«Прыярытэтная ўвага будзе прысвечаная пабудове моцнага, мадэрнізаванага, сучаснага войска – без карупцыі, без гандлю на крыві», – кажа кандыдатка ў прэзідэнты Украіны.

«Мы ідзем сваім шляхам», – заяўляе дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка ды запэўнівае: толькі дзякуючы яму Украіна здолее аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць ды годны ўзровень жыцця, прыцягнуць інвестыцыі ды паскорыць рух у бок Еўразвязу і НАТО.

«Або Парашэнка, або Пуцін. Перамога прэзідэнта Парашэнкі – гэта правал плану Крамля для знішчэння ўкраінскай дзяржавы», – заяўляецца ў промароліку кандыдата.

«Украіна будзе вялікаю краінаю вольных, заможных і шчаслівых людзей», – адзначае Пятро Парашэнка.

«Прэзідэнт – слуга народу», – нагадвае комік Уладзімір Зяленскі, выканаўца ролі прэзідэнта ў аднайменным серыяле, новы сезон якога выйшаў днямі на папулярным канале. Планы ў камедыйнага актора сур’ёзныя: бескампрамісная барацьба з карупцыяй, шматлікія льготы для бізнесу і ніякай палёгкі для прэзідэнта, дэпутатаў ды суддзяў – з іх здымуць недатыкальнасць. Ідэалагічная падстава праграмы – народаўладдзе і поўная падсправаздачнасць улады.

Hавiны
У прэзідэнцкіх выбарах ва Украіне гатовыя прыняць удзел 84 % выбарнікаў
2019.03.28 21:38

«Я думаю, што людзі мяне вельмі добра ведаюць і вельмі адчуваюць. Яны бачаць, што ў мяне не было спачатку абяцанняў, а потым – выбачэнняў», – адзначае Уладзімір Зяленскі.

Усяго ж у бюлетэні амаль з метр даўжынёю – 39 прозвішчаў. Для кагосьці, як кажуць эксперты, гэта трэнінг перад парламенцкімі выбарамі, для іншых – піяр і спосаб атрымаць дадатковыя прэферэнцыі, але для Украіны – вельмі важны паказнік.

«Гэта паказвае, што ва Украіне сапраўды ёсць дэмакратыя. Нягледзячы на ўсе рэчы, ва Украіне ёсць дэмакратыя, у параўнанні з іншымі краінамі. Мы дагэтуль не ведаем, хто будзе прэзідэнтам. У нас ёсць кандыдаты ад улады, кандыдаты ад апазіцыі, кандыдаты пратэставага галасавання», – кажа дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Рабчын.

Калі заўтра ніхто з кандыдатаў не набярэ больш за 50 % галасоў – а гэта найбольш верагодны варыянт, – праз тры тыдні ўкраінцаў чакае другі тур.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»