За месяц да пуску на БелАЭС аднаўляюць дакументацыю на абʼектны будоўлі


У 2012 годзе расейская карпарацыя «Росатам» пачала будаваць атамную станцыю пад Астраўцом без адпаведнай праектнай дакументацыі ды ліцэнзіяў – капаць катлаван і ўзводзіць памяшканні рэактару пачалі, лічы, незаконна. На працягу васьмі гадоў будоўлі – гэта было не адзінае парушэнне. Эколагі знаходзяць хібы ў бяспецы і цяпер, калі да чарговага, вось ужо сёмага тэрміну запуску БелАЭС, застаецца менш за месяц.

Днямі стала вядома пра тэндар, які датычыць, цытата, аднаўлення, вядзення і здачы выканаўчай дакументацыі на абʼектах будоўлі атамнай станцыі.

«Гэта сведчыць аб тым, што гэта небяспечны абʼект. Пра якасць вытворчых працаў, працаў, якія павінна была зрабіць расейская арганізацыя, расейскі выканаўца, мы не можам казаць, бо няма дакументаў, якія б сведчылі аб гэтай якасці і як гэтыя работы рабіліся», – мяркуе каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.

Замоўца тэндару – «Навукова-даследчы і канструктарскі інстытут мантажнай тэхналогіі «Атамбуд». Узяць каментар у яго прадстаўнікоў не ўдалося. І на сёння гэта не адзіная закупка на апошнюю хвіліну.

«25 чэрвеня збіраюцца шукаць пастаўшчыка абсталявання для сістэмы пажаратушэння. Да анансаваных у жніўні загрузкі паліва і фізічнага пуску АЭС дакладна не паспеюць, гэта абсталяванне пажаратушэння ўсталяваць, калі яшчэ не знайшлі, у каго яго набываць», – падкрэслівае сяброўка рады грамадскага абʼяднання «Экадом» Ірына Сухій.

У чэрвені «Экадом» запусціў петыцыю на платформе petitions.by з патрабаваннем адкласці фізічны запуск БелАЭС праз пандэмію, а таксама рызыкі, звязаныя з недапрацоўкамі на будаўнічай пляцоўцы. На момант стварэння сюжэту яе падпісалі ўсяго 2260 чалавек. То бок беларусы вераць у бяспеку станцыі?

«Я думаю, што ўсё ж такі ў ХХІ стагоддзі ўжо ўсё прадугледжана і наўрад ці будзе нейкі выбух небяспечны для нас».

«Атам заўжды небяспечны. Але з іншага боку, паўсвету працуе на станцыях, дык у чым праблема».

«А яна нам не патрэбная, бо ў нас жа ўсё развалена, разваліў наш прэзідэнт – у нас нічога няма. І столькі электраэнергіі нам не патрэбна. А хто будзе плаціць за тое, што яна пабудаваная? Нашыя дзеці, унукі, праўнукі».

Застаецца неразвязанае пытанне, што рабіць з электраэнергіяй, якую, згодна з планам, БелАЭС пачне падаваць у сетку ў верасні–кастрычніку гэтага года. Паводле экспертаў «Экадому», мы пакуль ня здольныя нарасціць унутранага рынку спажывання, а экспартаваць яе няма каму, бо еўрапейскія краіны станцыю байкатуюць.

«Мы можам яе экспартаваць, напрыклад, у Расею. Але тады атрымоўваецца зусім анекдатычная сітуацыя: мы пабудавалі не самую чыстую вытворчасць за расейскія грошы ў сябе на тэрыторыі, мы вымушаныя штосьці рабіць пасля з адкідамі ядравага паліва, з утылізацыяй станцыі, а электраэнергію будзем прадаваць у Расею. Атрымоўваецца брудная вытворчасць у нас у краіне, якая забяспечвае Расею», – зазначае эксперт грамадскага абʼяднання «Экадом» Павел Гарбуноў.

Эколагі ўпэўненыя, што Беларусь мае час, каб выправіць усе хібы і недапрацоўкі наконт бяспекі, закрыць пытанні з захаваннем ядравых адкідаў і стварэння рэзервовай электрастанцыі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»